31 ліпеня

Раніца…Сёння першы дзень маёй фальклорнай практыкі. Ведаю, каб была крыху смялейшая, дык даўно ўжо прайшла яе. Справа ў тым, што я зусім не ведала, пра што і як пытацца ў выканаўцаў. Але ўсё ж мне пашчасціла.

Кожнае лета я прыязжаю да сваіх родных: бабулі Вольгі і дзядоў Арсеня і Міхаіла  ў вёску Гарохаўка. Тут я правяла шмат часу ў дзяцінстве і заўсёды мне было цікава знаёміцца з культурай і традыцыямі майго народа. Мая другая бабуля, Паліна, ужо 8 год не з намі, але я заўсёды ўспамінаю, як мы калядавалі з ёй і яе сяброўкамі. Каб яна была жывая, дык яна б адна расказала мне столькі, што больш не трэба было ні да каго ісці, але ўсё ж жыццё паварочваецца не так, як мы хочам.

Вельмі добра тое, што лепшая сяброўка маёй бабулі Паліны, Насця, яшчэ жывая і працавітая бабуля. Таму ў першую чаргу я вырашыла накіравацца да яе.

- Добры дзень, бабуля Насця.

- Добры дзень!

- Мне вельмі патрэбна ваша дапамога.

- Што здарылася?

- Нічога, мне патрэбны вашыя веды (тут я ўбачыла здзіўлённы і зацікаўлены погляд бабулі).

-  Добра. Але, пачакай крыху, я вельмі хачу даглядзець серыял.

-  Усё! –кажа бабуля і выключае тэлевізар. - Так што табе трэба?

 - Мне патрэбна ўсё! - сказала я і зразумела, што гэта так.

  -Ну давай паспрабуем, раз трэба…

Гайшун Анастасія Васільеўна (1930 г.н., бел., 7 класаў, рабочая, в.Пятровічы Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласці, пераехала ў в. Гарохаўка ў 1962 г.).

  • Што вы ведаеце пра Божую Маці(Прачыстую)?

Ну пра Бога як…пра Богамацер. Мацер Бож’я радзіла сына ад Духа Святога. Ён быў прадсказаны этым… ангелам сказаў што: ” Марыя, радуйся ты бласлаўлёная Богам, нарадзіш сына і назавеш яго імя Ісус”. Эта ўсё збылося. Яна так усё…стала. Ну  Бож’яй праўдай, па міласці вашай.  Як Бог сказаў так і случылась. Як ангел сказаў ёй. Ну вот яна прынясла этага сына, а яна ж была дзеўкай. І яна кажа: “Як гэта можа быць, калі я мужа не мею”.  Ангел сказаў Іосіфу:  “Іосіф, не бойся, бяры Марыю ў жоны сабе”. Ну патом  даведаўся Ірад. Ён хацеў забіць усіх, бо знаў, што родзіцца Ісус Хрыстос.  Даў каманду сваім падчынёным наверх, знішчыць усіх мальчыкаў. Сільна багата пагібла дзяцей тагда. А Марыі  і Іосіфу ангел прадсказаў уцякайцесь з Егіпта. І яны пайшлі і спасліся.

Заўвага: народна-хрысціянская проза. Уяўленні пра Божую маці.

  • Якім чынам можна выратаваць сваю душу?

Сваю душу можна спасці любоў к Ісусу Хрысту. Памагаць бедным, неімучшэственым, памагаць слабым, як той казаў. За любоў Ісус усё прашчае, за помашч. Нада дзелаць дабро.

Заўвага: народна-хрысціянская проза. Адказ на пытанне праграмы-апытальніка па тэме народна-хрысціянская проза.

  • Што робяць на царкоўныя святы?

Ну на такія бальшыя дні, празнічныя дні, нада старацца не работаць, работы ўсе прыкрашчаюцца. У цэркву хадзіць нада, маліцца, прасіць Бога, каб прасціў грахі. Усе мы грэшныя, як той казаў, на этай зямлі. Дажа вот падумаеш, не то што зделаеш, а мыслю плахія падумаеш –гэта ўжо бальшы грэх.

Заўвага: народна-хрысціянская проза. Адказ на пытанне праграмы-апытальніка па тэме народна-хрысціянская проза.

  • “Гарохаўка”

Чаму назвалі вёска Гарохаўка

Гарохаўка называлася таму, што сеялі гарох. Большанство занімалісь пасеялі землі.Землі такія, мала зямель было, пясчаныя, сеялі гарох. Гарохаўка таму і называецца Гарохаўка.  Тут пасяліўся мо…таму, што фамілія такая была – Гарох.

А вот вы жылі ў Пятровічах там чаму такое названне была?

Точна не знаю, наверна патаму, што пасяліўся Пётар Первы.

Заўвага:  няказкавая проза. Легендарная проза. Тапанімічная легенда.

Адказ пра Пятра Першага мяне вельмі здзівіў і пазабавіў, бо такого я нават і не чакала ад бабулі.

  • Што рабілі, каб роды былі лёгкія?

Жанчына была далжна перайсці штаны свайго мужыка. Ён здымаў, кіне на пол, а яна перайдзе. Тады і лёгкія роды будуць.

Заўвага: магічная проза. Радзінны рытуал.

  • Што рабілі, каб падчас працы на полі не балелі паясніца, спіна рукі?

Ну як жыта жалі. Перш, перш падвязваюцца жменяй жыта, падвязваюць паясніцу. Раньш жа цяжка. Это ж цяпер жа камбайны да ўсё. А тады рукамі ўсё жалі.

Заўвага: магічная проза.Сродак лячэння.

  1. Што адбывалася ў дзень народзін дзіцяці?

Раньша жа врача ж врачэй не зналі жа. Баба,  бабка павітуха была,называлася. Баба тая баба старая была.Звалі старую бабу,яна прынімала,роды пелянала.

Ну тады ужо садзілісь. Водкі не было, квас які ці хто, што…садзілісь, замачвалі. Цяпер жа водка да і ўсё.

Заўвага: радзінна-хрэсьбіная проза. Радзінныя звычаі.

Заўвага інфарманта: пілі за здароўе бабкі павітухі, дзіцяці, бацькоў.

  1. Мір вашаму дому!

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору. Выслоўе-вітанне.

 

  1. Не на тое нарадзіўся, каб на худой ажаніўся.

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору. Застольнае выслоўе.

  1. Ажаніўся, ды сам потым здзівіўся.

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору. Застольнае выслоўе.

  1.  Яны ажэняцца, а ў людзей вочы засвецяцца.

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору. Застольнае выслоўе.

Бабуля  так цікава расказвала, што я нават у нейкі момант забылася, дзе находжусь. Певень падаў свой “голас”, ды такі, што любы б прачнуўся.

  1. Калі правілі вяселле?

Ну ў пост свадьбы не правілі стараліся кабы. Асобенна свадьбы запрашчаны  былі на Раждяство. Ну так як эта сказаць табе…. Як убяруць усё ў полі, ужо убяруць, тады свадьбы правілі. У пост не правілі, у пост, Піліпаўку свадьбы не праводзіліся.

Заўвага:сямейна-абрадавая проза. Вясельны звычай.

  1.  Як у вашай вёсцы адбывалася калядаванне, шчадраванне? Што рабілі?

Сабірался зусім маладыя. Па Гарохаўцы хадзілі, спявалі песні святыя. Людзі ўгашчалі, плацілі, у дом звалі і з сабой давалі. Потым у шчадрухі хадзілі, у шчодрыкі.

Заўвага:каляндарна-святочная проза. Проза калядна-навагодняга комплексу. Калядны абрад.

Для мяне гэты ўспамін адзін з самых важных і каштоўных. У дзяцінстве, калі яшчэ была жыва мая бабуля Паліна, мы з ёю і яе сяброўкамі, у тым ліку і бабуляй Насцяй, хадзілі па вёсцы і калядавалі. Гэтыя ўспаміны жывыя і зараз. Памятаю: прыйдзеш ноччу да хаты, бабуля з суседзямі спяваюць песні, а я разбіраю поўную торбу цукерак…Ніколі больш такога не будзе!

  1. Што рабіла маладая перад вяселлем?

Першы вечер. Вянок. Яна сабірала маладзёж сваю,падруг сваіх. Вянок вілі, садзілі на дзежу. Дзежы, дзежкі такія былі. А кажух, кажух выкідали на двор, штоб дзеўкі замуж шлі.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза. Вясельная проза. Вясельны абрад.

  1. Як гадалі, варажылі?

Гаданне было. Выбягалі на двор, скідалі обуў з нагі, у які бок нос завернецца, туды і дзеўка замуж подзе. Счыталі так. Тады бліны пяклі, сабаку ў хату пускалі, кідалі бліна. Чый блін першы схваціць,тая дзеўка так замуж пойдзе.

Заўвага: магічная проза. Варажба шлюбнага характару.

  1.  Як і колькі разоў спраўлялі Куццю?

Раньша мо сем страў каб было. Варылі- это посная куцця перад раждяством. У першую очарадзь грыбы, квас, аўсяны кісель, дзецям - грушы,  галоўнае- каша, яе з ячменю варылі. Прыносілі сена ці  клалі салому, засцілалі скацерць чысценьку. А ўжо... другая куцця была багата, трынаццатага, з шкваркамі, мясам. 

Заўвага: каляндарна-святочная проза.Калядныя абрады.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.