8 жніўня.

 Дзень адзінаццаты.

Вось і адзіннаццаты дзень маёй прыктыкі. І ў гэты дзень  я вырашыла зноў завітаць у Кальчуны. Мне параілі схадзіць да адной жанчыны, якая ведае вясельныя абрады. Жыве яна ў “старых” Кальчунах. “Старымі” ў нас называюць тую частку аграгарадка, якая першапачаткова і была Кальчунамі. Там жывуць і мае сяброўкі, якіх я папрасіла завесці мяне да Рухлевіч Ванды Іосіфаўны ( 1935 г.н., беларуска, скончыла 6 класаў,  родам з в. Копцевічы, Смаргонскага р-н., Гродзенскай вобл., у в.Кальчуны з 1975 г.).

Ванда Іосіфаўна гасцей не чакала. Працавала  ў агародзе. Убачыўшы нас, крышку збянтэжылася. Але сустрэла нас ветлівай  усмешкай. Зразумеўшы, што мы ад яе хочам, запрасіла нас у хату. 

Ванда Іосіфаўна на свой узрост выглядае вельмі дабра. Мне здаецца, што ў маладосці яна была прыгожай жанчынай.

- Ну што вам расказаць? – пытае Ванда Іосіфаўна.

- Пра вяселле што-небудь, калі ласка, - адказваю я.

117.Ну некалі ж спачатку ў сваты прыязджалі. За каго сказалі, за таго замуж і пойдзеш. Любіш, не любіш – замуж ідзі. Сват прыязджаў з водкай, мёдам, з другімі якімі-небудзь дарамі. Гэта запоіны называліся. І ўжо глядзелі на нявесту, калі не падабалася дзяўчына, то забіралі ўсё, што прывезлі, і ехалі дахаты.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза – вясельны абрад (сватанне, запоіны).

 118. Ужо пасля сватаў пяклі каравай.У хлапца свой каравай пякуць, а ў дзеўкі свой каравай пякуць. У дзеўкаў як пякуць, сабіраюцца толькі па пары, дапусцім, па шэйсць, па восем дзевачак было, каб не адна, і мясілі каравай. Каравай хлебны, хлебны быў. І месяць такво аднэй рукой, замесы делалі, як хлеб раней пяклі. А тады каравай пасадзяць у печ, на лапату такую садзілі, і тады гэту дзяжу, якой мясілі каравай, хлопцы на печ нясуць, каб дзеўкі сядзелі, замуж не выходзілі, каб хлопцы жаніліся, а дзяўчаты выкідваюць на вуліцу, каб дзеўкі выходзілі замуж. Бывае, даже, разарвуць гэную дзяжу: адныя сабе цягнуць, другія сабе. А ўжо калі каравай у хлопца пякуць, тады хлопцы месяць. І ужо дзяўчаты стараюцца закінуць дзяжу на печ, кабхлопцы  не жаніліся, а хлопцы на вуліцу, каб жаніцца.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза – вясельны каравайны абрад.

119. А было яшчэ такое, што маладая, калі выходзіла з хаты, брала з сабой клубок нітак. І кідае сама сабе цераз плечы, і гэта нітка цягнецца праз усю вёску. Гэта нявеста цягне за сабой усіх дзяўчат, каб замуж выходзілі.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза – вясельны абрад (ад’езд маладой  з дому).

- Раней яшчэ было так, што хлопец ехаў ад сябе, а дзяўчына ад сябе ў царкву, і толькі там встрэчаюцца. Вось мая ўнучка хоча так зрабіць. Яна замуж выходзя ў Вільнусе. Дык вот яны так паедуць, і яе бацька павязе да шлюбу. Будзе яе выводзіць з хаты. Зараз жа асэстэнты выводзяць, а яе бацька. Вот яна хоча здзелаць так, як некалі дзелалі.

Мне падабалася гэта жанчына ўсе больш і больш. Ня гледзячы на тое, што я яе бачыла ўпершыню, з ёй вельмі лёгка было размаўляць.

- А я вам яшчэ зараз песню праспяваю пра замуж.

120. “ Адзенься, дзяўчынка, прыгожа…”

Адзенься, дзяўчынка, прыгожа

У гэты дзянёчак святы.

Чашы ты галоўку прыгожа,

Сягоння прыедуць сваты.

Сягоння прыедуць з гарэлкай,

Запоіны будуць твае.

Падумай, куды ты паедзеш,

Куды цябе лёс пашле.

Дасць бацька ў пасаг карову,

 Свіню і авечку з ягнём.

А маці рыхтуе выправу,

Старынных кутоў з палатном.

  Усё гэта возме твой мілы,

  Цябе і авечку з ягнём.

 Ты будзеш яму аж да смерці

 Жонкай і вернай слугой.

Заўвага: сямейна-абрадавага паэзія – вясельная паэзія(вясельная песня да нявесты перад прыездам сватоў ).

- А што давалі маладой у пасаг? – пытаюся я.

 121. Ну палатно. І каб многа было посцілкаў саматканых. Каторая сама ўмела, то сама наткала, а каторая не ўмела, то матка ткла. Трэба каб ручнікоў было шмат, саматканых, вышываных. А палатна, ведаеце, шмат было. Яго ткалі, вымывалі на рэчцы, слалі на сенажаці, і яно бялілася. Тады скручвалі ў сувоі такія. Трэба, каб шмат у маладой палатна такога было. Яшчэ, канешне, скаціну ў пасаг давалі.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза – вясельны абрад ( пасаг маладой ).

- У маладой  трэба, каб было шмат палатна. Маглі нават шафу адкрыць, паглядзець, ці ёсць там што. Нявеста сама магла быць, як чарапаха, але палатно трэба, каб было, - смяецца Ванда Іосіфаўна.

Мы яшчэ крышку пагаварылі, пасмяяліся,  потым падзяквалі Вандзе Іосіфаўне і рушылі дамоў.

Вось так я пазнаёмілася з такім добрым і цікавым чалавекам, якая адкрыла некаторыя цікавыя сакрэты беларускага вяселля.

Зразумела я вось што: трэба быць прасцей – і да цябе пацягнуцца людзі.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.