6 жніўня.

Дзень дзявяты.

Сёння я вырашыла завітаць у госці да чалавека, якога ў нашай вёсцы паважаюць, ды і не толькі ў нашай, а ва ўсім Ашмянскім раёне. Гэта наша мясцовая паэтэса Кеўра Генуэфа Францаўна ( 1949 г.н., беларуска, сярэдняе спецыяльнае, родам з в. Валодзькаўшчына, Ашмянскага р-н., Гродзенскай вобл., адкуль пераехала ў в. Навасяды у 1970 г.). Чула і чытала вершы Генуэфы Францаўны, вельмі падабаюцца, бяруць за сэрца, за душу. Многія друкуюцца ў нашай раённай газеце “Ашмянскі веснік”. Памятаю, у маім класе ( класе беларускай мовы і літаратуры) на сцяне вісеў вялікі стэнд, а на ім фотаздымкі паэтаў Ашмяншчыны, сярод якіх была і Генуэфа Францаўна. І я так ганарылася, што яна менавіта з маёй вёскі. У капілцы Генуэфы Францаўны ёсць і вершы пра жыхароў нашай вёскі.

  Цёцю Геню я заўсёды паважала. І яна да мяне заўсёды добра адносілася. Ёй вельмі падабаецца, як я чытаю вершы. Неаднаразова чула мяне на розных мерапрыемствах у школе, і кожны раз пры сустрэчы абавязкова мяне хвалілі, што, бясспрэчна, прыемна і надае ўпэўненасці.

Сёння ўзяла пад руку сваю бабулю і мы пайшлі да цёці Гені. Як і ўсе, Генуэфа Францаўна нічога непамятае, нічога не ведае.

- Ну добра. Раскажу табе жарт.

86. Паехала баба старая ў горад. Накупляла цэлую торбу ўсяго.І дзеду купіла галёшы. Але гэтыя галёшы скользкія, усё з’язжалі з торбы, і яна іх траціла і траціла. Тады яшчэ ўспомніла, што таблеткі трэба купіць. Зайшла ў апцеку, купіла таблетак, а тут як раз каробкі выкідалі і мусар уборшчыца сабірала. Тут баба глядзіць, што як раз на галёшы каробка. І кажа:

- Пані, можа, гэта не   патрэбна? Можа я вазьму галёшы палажу. Надта яны слізкія, трацяцца і трацяцца.

- Бярыце, бярыце, гэта не патрэбнае.

Ну баба ўзяла, давольная. Гэту каробку трэмае ў руках. Прыйшла ў аўтобус, села, каробку трымае на каленях, ну і едзе так. А ззаду хлопцы маладыя, усё смяюцца і смяюцца, рагочуць. Потым ужо пытаюць:

- Баба, каму ты гэта купіла?

 Кажа бабка:

- Дзеду купіла.

Яны ізноў зарагаталі. Кажуць:

- Баба, а на сколькі ж яму гэта хваця?

- А што вы, хлопцы, за зіму памалу і зшаруе.

А на той каробцы было напісана : “ Призервативы. 1000 штук”.

Заўвага: смехавая проза – анекдот.

 - Генуэфа Францаўна, можы вы ведаеце, што трэба рабіць, каб не сурочылі дзіця маленькае?

87. Ну, ведаю, што трэба нітку чырвоную, або банцік у шапачку ўшываць. Тады, кажуць, не ўракуць.

Заўвага: магічная проза – рытуал ад сурокаў.

- А калі ўжо ўраклі, што трэба рабіць?

 88. Ну трэба соляй свянцонай абнесці тры разы дзіцячую калыску. Або ўзяць дзіця на рукі, і каля каждага акна ім, дзіцём, крыж зрабіць. 

Заўвага: магічная проза – рытуал ад сурокаў.

 - Мая Дзіанка, - кажа цёця Геня, - што ёй было зрабіўшыся, цацак стала баяцца. Дык цётка мая, так во зрабіла, і ўсё, перастала баяццца, зноў гуляла з імі.

- А што нельга было цяжарнай жанчыне рабіць?- пытаюся я.

89. Пазычаць грошы нельга. Бо дзіця будзе таксама ўсё жыццё пазычаць.

Заўвага: магічная проза - засцярога цяжарнай жанчыне.

 90. Кажуць жа, што бярэміным не можна адказваць, бо мышы заядуць. Дык вот, калі ў цябе бярэміная пазычае, а ты не можыш даць, ну няма ў  цябе, то трэба, калі яна выйдзе з хаты, кінуць ей у след кусочак хлеба.

Заўвага: магічная проза – засцерагальны рытуал.

А каб жывёлу свойскую засцерагчы ад сурокаў, што трэба рабіць?

91. Еслі ўрокі чуствуеш, трэба ваду цераз дзяркач тры разы пераліць. Значыць, трэба ўзяць две міскі, і цераз дзяркач пераліваць туды-сюды тры разы.

Заўвага: магічная проза – рытуал аховы свойскай жывёлы.

92. А яшчэ можна так: трэба кашулю, у якой адзеты, выцягнуць і рагом кашулі выцярці жывёле вочы, і сказаць: “Тры ўраклі – тры адраклі”.

Заўвага: магічная проза – рытуал аховы свойскай жывёлы.

 - Ну вось неяк так. А, яшчэ во ўспомніла лічылку адну:

93. “На золотом крыльце сидели”

На золотом крыльце сидели: царь, царевич, король, королевич, сапожник, портной, а ты кто такой?

Заўвага: дзіцячы фальклор – лічылка.

- А вось загадкі адгадай.

94. Ад кута да кута

Ляжыць баба раскута. ( Лава).

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

 95. Жыве пад ганкам,

 Хвост абаранкам. ( Сабака)

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

  96. Маленькі, гарбаценькі

Усё поле аблятаў. (Серп).

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

 97.Ідзе, паваліца,

 У нешта ўкачаецца. ( П’яніца)

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

98. Хтог ідзе паклоніцца. ( Ягада).

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

99Без акон, без дзвярэй,

 Поўна горніца людзей. ( Агурок).

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

100. Шатаецца, балтаецца,

Пад лаўку хаваецца. ( Венік).

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

101. Поп на курыцы нясецца,

 Аж зямля трасецца. ( Гром).

Заўвага: малы жанр беларускага фальклору – загадка.

         - Во, відзіш, як успомніла, - смяецца цёця Геня.

Так, галоўнае пачаць успамінаць.

На гэтым мы скончылі. Цёця Геня пачаставала мяне яблыкам і сланечнікам. Мы з бабуляй падзяквалі і пайшлі дамоў.

Сённяшні дзень - дзень жартаў і магіі, калі так можна сказаць

Сёння я зразумела, што трэба заўсёды памятаць і паважаць тых людзей, якія праслаўляюць твой край, хоць і не на ўсю рэспубліку, але  пра тваю маленькую Радзіму будуць ведаць крыху больш.  

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.