2 жніўня.

 Дзень пяты.

Сёння, вярнуўшыся з Багданава, вырашыла схадзіць да сваёй суседкі Сальмановіч Галіны Вітольдаўны (1938 г.н., беларуска, скончыла 4 класы, родам з в. Святы Дух ( зараз Будзёнаўка), у в. Навасяды з 1960 г.). Ведаю яе з дзяцінства. Яна сяброўка маёй бабулі Рэгіны. Яе дзеці сябравалі з маім татам, а я вучылася ў адным класе з яе ўнучкай, ды яшчэ і разам здымалі кватэру ў Мінску ў мінулым годзе. Цёця Галіна, як мы яе нызываем, заўсёды любіла мяне і маёго малодшага браціка Жэню. Прыносіла нам розныя пачастункі: то яблык, то цукеркі, то шакаладку.

Яна таксама пражыла вельмі цяжкае і складанае жыццё. І гэты лягло абрысам на яе твары. Гады ўзялі сваё.

  Было вельмі прыемна і цікава гаварыць з ёй. Падчас гутаркі адкрываеш для сябе чалавека з новага боку, невядомага табе дагэтуль.
Так атрымалася і з цёцяй Галінай. Я як быццам убачыла яе маладой, прыгожай, з кучаравымі валасамі.

- Бачаш, якія валасы сталі, а раней якія былі кучаравыя, і завіўкі не трэба было. Я табе потым фотакартку пакажу, - казала мне цёця Галіна, прычэсваючы валасы, калі я яе збіралася фатаграфаваць.

За гэтыя дні, я зразумела, што жанчына, у якім бы ўзросце не была, застаецца жанчынай.

 Спачатку я вырашыла паспытаць пра святкаванне каляндарных свят. Пачала з Каляд.

           - Ну што, як святкавалі:

49. Перш ставілі ёлачку, куццю ячменную рыхтавалі. Толькі адну куццю. Гатавалі дванасця страў: ваду шчыталі, соль, хлеб, булку, кісель, а кісель белы быў, аўсяны, тады што, мак, абаранкі, сялёдка, бульбачку варылі да сялёдкі, аладкі, грыбы, клёцкі. Дванаццаць страў, як дванаццаць апосталаў. Пад абрус на стол лажылі сена, гэта як Езус у ясельках на сене ляжаў. Тады, калі сядалі есці усе, маліліся. А разам са сваімі талеркамі ставілі яшчэ і талерку, або некалькі, для памерлых родных. І ўсю яду не можна прымаць са стала на ноч, бо памерлыя разам з анёламі прыдуць есці.А тады ўжо варажылі.

Заўвага:каляндарна-святочная проза – калядныя абрады.

- А як варажылі?

50. Ну па рознаму варажылі. Напрымер,ішлі некаторыя хлопцы на рунь, на жыта клаліся і слухалі. Што пачуеш, тое табе і будзе.

Заўвага: магічная проза –варажба на будачыню.

- Вось мой брат нябожчык, хадзіў з Сінкевічам на жыта. Потым прышоў, стаў рассказваць, што яму на жыце песні ўсё былі паграбовыя, і ён умёр. А гэны жаніўся.А мы тэж хадзілі варажыць.

51. Каноплі сеялі.Трэба босым кругом студні пахадзіць. І тады прысці, легчы, каб не да кога не загаварыць. І казаць: “Сею, сею  канапелькі, дай, Божа, знаць, з кім буду век каратаць”.

Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.

- Мы прыйшлі пад дзверы, а дзядзька зачыніў дзверы, і пытаецца: “Хто?”. А нам жа не сказаць, хто гэта. Ну што, мусілі казаць, - цёця Галіна засмяялася.

52. Тады клёцкі клалі каля парогу, пускалі сабаку,і чыю сабака першы з’есць, тая і першая замуж выйдзе.

Заўвага: магічная проза – варажба шлюбнага характару.

53. І волава вылівалі. Каторай вяночак выльецца – тая замуж пойдзе. Каторай калысачка – дзіця будзе, гэта значыць байстручка будзеш мець, ну калі не замужняя.

Заўвага: магічная проза – варажбашлюбнага характару.

 -А ці шчадравалі ў вас, ці хадзілі шчадроўнікі? – пытаюся я.

 54. На Тры Каралі хадзілі шчадроўнікі, шостага январа. Праходзілі тры каралі, чорт быў убраўшыся, з хвастом доўгім, рагамі, і анел, у белай сукенцы, з скрыдэлкамі. А чорт як прыйдзе, адразу пад стол, і хвастом матляе.

Заўвага: каляндарна-святочная проза – калядна-навагодняя проза (шчадроўскі абрад).

 - А, напрыклад, як святкавалі Вялікдзень? – пацікавілася я.

55. Ну як, прыбіралі ў хаце ўсё. За абразам ёлачкі затыкалі, яйкі красілі ў лупіне ад цыбулі, чым больш яны там паляжаць, тым лепш закрасяцца. Мама пірагі пякла, мяса варылі, свенціць насілі ў касцёл. Прыйшоўшы з касцёла сядалі ўсёй сям’ёй за стол і  елі свянцонку. Потым днём дзеці хадзілі ў жакі. Ім давалі па яечку, пірог, цукерак, ці яшчэ чаго смачнага, або, што мелі, а ўжо пад вечар валоўнікі хадзілі, дзяўчаты і хлопцы. Дзеці з яйкамі гулялі, у біткі, хто мацней стукне. Качалі яйкі.

Заўвага: каляндарна-святочная проза – вялікодныя абрады.

 Вельмі люблю гэта свята.  Раней, у дзяцінстве, мне вельмі падабалася хадзіць у жакі. Збіраліся цэлым гуртом. Хадзілі па хатах, расказвалі вершыкі хорам, а хто не баяўся мог і адзін расказаць. Людзі за гэта надаюць цэлы кошык прысмакаў, і ты такі шчаслівы потым бяжыш дамоў хутчэй паказаць матулі, колькі ў цябе ўсяго смачнага.  А потым цэлы дзень гуляем, качаем яйкі. Дзяцінства, дзяцінства…

- А жакі вось як спявалі:

56. “Я малы жачэк, яко румбачэк”.

Я малы жачэк, яко румбачэк.

В школе не бывала, рузгі не відзяла.

 Рузга зелёна, з дрэва ламёна.

        Малюткі дзятке на дродзэ сталі,

Пана Езуса віталі.

 Езу муй дрогі, под ногі падэм.

 Валончэнэго проша.

Проша даць, не жаловаць,

Жэ бы за цо было подзенковаць.

Заўвага: каляндарна-святочная паэзія – вялікодная песня.

57. “Мы жакі, жакі , жакі”.

Мы жакі, жакі , жакі                                            

Прышлі да вас у жакі.

  Вы нам па яечку,

  А мы вам па славечку.

Заўвага: каляндарна-святочная паэзія – вялікодная песня.

 - А гэта крышку благаватая.

  58. “Я маленькі жачок”.

Я маленькі жачок, скачу, як рачок.

 Не дасі кока – вылязе вока.

 Не дасі двух – вылязе дух.

 Не дасі трох – вылязе паміж ног.

 Не дасі пірага – адсохне нага.

Заўвага: каляндарна-святочная паэзія – вялікодная песня.

Далей я вырашыла распытаць пра сямейныя святы. Але пра радзіны і хрэсьбіны цёця Галіна нават і не ведала, што адказваць.

- Добра, дзякуй. Цёця Галіна, вось, а што раней забаранялася рабіць цяжарнай жанчыне, - вырашыла я крыху змяніць размову на другі лад.

- А ў нас цяжарная жанчына ўсё рабіла. Бывала, дажа на полі родзіць, укруціць дзіця ў фартух і нясе, тады, дахаты. 

Я ўявіла сабе, як гэта цяжка, балюча.

 - А бабкі павятухі ці былі?

 - Яшчэ як я была маленькай былі, а ўжо потым мы з тваёй бабуляй ражалі ў бальніцы.

 - Зразумела. Ну, добра. Пагаворым тады пра пахавальныя абрады. Раскажыце ўсё, што ведаеце.

 59. Адразу як чалавек памёр, завешваюць зеркалы посцілкай, гадзіннікі завешваюць, астанаўліваюць. Гэта каб душа пакойніка там не засталася. Мылі і адзівалі яго суседзі, тыя, хто мог гэта рабіць. Труну рабілі спецыяльныя людзі, якія ўмелі гэта рабіць. Тады выразалі з матэрыялу такія зубочкі, і імі труну аббівалі. У труну клалі зёлкі свянцоныя, або хлеб Святой Агаты. А маладых дзяўчат хавалі ў сукенцы белай, з фатой, як да шлюба, і хлопца як да шлюба хавалі. Гэта значыць, што чысты, нявінны. Запрашалі спевакоў, каб спявалі. А выносілі з хаты пакойніка нагамі ўперад, бо нагамі ходзіш. Праходзіць і мінаць пахавальную працэсію не можна. Трэба стаць і памаліцца за душу пакойнага.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза – пахавальна-памінальная проза (пахавальны абрад).

 - А як паміналі нябожчыка?- пытаюся я.

60. А раней толькі раз у год, на Усе Святыя, калі ўсіх нябожчыкаў памінаюць. Раней трыццаць дней не рабілі, такога не было. І гадаўшчыны не было. Ды і як паміналі тады. Людзі галодныя былі. Прыходзілі і казалі: “Пойдзіш за нябожчыкам?”. Калі пойдзеш, то цябе там пасадзяць за стол і накормяць.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза – пахавальна-памінальная проза (пахавальныя звычаі).

 - А няхрышчанных дзяцей як хавалі?

61. А няхрышчанных у рвах хавалі, не там, дзе ўсіх. Прыпадковы магільнік такі быў. Ці, калі хто павесіўшыся быў, таксама хавалі. Гэта не так, як зараз, усіх разам хаваюць.

Заўвага: сямейна-абрадавая проза – пахавальна – памінальная проза (пахавальныя звычаі).

- Добра. Хопіць пра сумнае. Цёця Галіна, можа вы ведаеце якія-небудзь мясцовыя легенды, паданні. Вось вы родам з вёскі Будзёнаўка, а раней яе назва была Святы Дух. Можы вы ведаеце, адкуль такая назва?

62. Там раней касцёл стаяў. Я тож сама не помню, але мне мая мама, а ёй бабця, расказвала, што там касцёл Святога Духа стаяў. Ён пашоў пад зямлю. І толькі крыж доўгі-доўгі астаўся. І вот там вёску пабудавалі, і вёска стала так называцца.

Заўвага: няказкавая проза – легендарная проза (тапанімічная легенда).

 - Магу такую табе расказаць загадку, - кажа цёця Галіна.

 63. У куце на пруце вісяць яйцы-мэндалі. ( Каўбасы)

Заўвага: малы жанр буларускага фальклору – загадка.

 Вось як, аднак.

І на прыканец цёця Галіна праспявала мне некалькі прыпевак.

64. У паповай луццэ

 Конікі пасуцца.

Ляціць хлопец да дзяўчыны

Аж кудлы трасуцца.

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.

65. Трактарыста палюбіць

Нада прыгатовіцца.

 Тону мыла пакупіць,

 А тады знакоміцца.

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.

 66.Гарманіст, гарманіст,

  Выйдзі на дарожку.

  Пад тваю гармошку

  Паплясаць нямножка.

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.

  - Бывала, ідзём на танцы, спяваем. Усе спяваем. Ішлі разам, ніхто па аддзельнасці. Калі, напрыклад, хлопец цябе прапускае, так з-заду ўсе ідуць. Аднэй не пакіне ніхто.

Цёця Галіна працягнула спяваць далей.

67. Гармонь новая іграе,

 Планачкі блісцяшчыя.

 Гарманіста палюбіць –

 Парень падхадзяшчый.

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – прыпеўка.

 На гэтым вырашыла скончыць. Як-ніяк, а ўжо дзесяць гадзін вечара.                         

Старэйшыя людзі ў гэты час кладуцца спаць, ды і нам, маладым, таксама было б нядрэнна.

Сёння я зразумела, што нам зараз не хапае супольнасці, таварыскасці. Мы ўсё больш па-аднаму. А раней людзі больш трымаліся адзін за аднаго, і гэтым былі моцныя. Адзін чалавек – гэта камень, а многа – гэта скала. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.