11 жніўня

 

Мае планы спраўдзіліся. Ітак, я ў вёсцы Кракотка Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Але на гэты раз я напаткала іншага інфарманта. Зазірнуўшы ў госці да сваёй прабабулі, я нават і не думала зноў прасіць яе штосьці расказаць, паколькі, дзякуючы папярэдняму вопыту, разумела, што гэта дарэмна. Але ў іхняй вёсцы жыве цудоўная жанчына Жыткевіч Леанціна Станіславаўна (1932 г.н., беларуска, дзве вышэйшыя адукацыі, пераехала ў в.Кракотка ў 1957 годзе), якая, пачуўшы пра маю патрэбу збіраць фальклорную прозу, адгукнулася.

 

Трэба сказаць, што да гэтага моманту я ніколі не бачыла Леанціну Станіславаўну. Але чуткі пра яе былі вельмі станоўчымі, таму адразу стала лягчэй ад таго, што будзеш мець справу з добрым чалавекам. Маё ўражанне пераўзышло ўсе чаканні. З першага позірку я зразумела, што знаёмства з Леанцінай Станіславаўнай – вялікі поспех. Было адразу відаць, што гэта ветлівая жанчына, прыгажосць якой заўважна нават у васьмідзесяцігадовым  узросце, вельмі інтэлігентная і разумная. Не магло не ўразіць і тое, што да мяне Леанціна Станіславаўна звярталася толькі на Вы.

 

Леанціна Станіславаўна запрасіла нас з мамай і дзядулем прайсці ў пакой, дзе мы адчувалі сябе вельмі ўтульна. Чорны кот гаспадыні адразу палез на калені да маёй маці, мы з дзядулем і Леанцінай Станіславаўнай размясціліся побач. У такой прыемнай абстаноўцы Леанціна Станіславаўна пачала мне расказваць тое, аб чым я марыла пачуць раней. Гэта расказ пра тое, чаму вёска Кракотка атрымала менавіта такую назву. Трэба дадаць, што як было ўказана раней, Леанціна Станіславаўна не мясцовая, але ведае тапанімічныя легенды. Гэты факт толькі яшчэ раз падкрэслівае адукаванасць гэтай жанчыны. 

 

71. Наш край легендарны…

 

Наш край легендарны, на кожным кроку можна пачуць цікавую гісторыю пра назвы вёсак, рэк, прыродных угоддзяў. Вось адна са старажытных легендаў пра вёску Кракотка. Калісьці даўным-даўно два браты па прозвішчу Кракі пасля пажару ў іх вёсцы вырашылі шукаць новае месца для селішча. Жылі яны за многа вёрст ад тутэйшых мясцін. Душа чалавечая найчасцей раскрываецца на нейкі патаемны зоў. Браты, параіўшыся з раднёй, на лодцы паехалі (паплылі) шукаць лепшае месца, чым тое пажарышча. Любілі яны прыроду, захапляліся цудоўнымі краявідамі. Праз некаторы час яны дабраліся па рэчцы да сягоняшняй Кракоткі (вядома, вёскі не было). Кругом горы, пакрытыя лесам, лугі заліўныя, крыніцы б’юць з гор. Старэйшы брат Крак, гэта значыць большы, выбраў месца для селішча на беразе рэчкі, сярод гор. Зацішна тут, спакойна, іншы раз і вецер не шугае так моцна. Ён вырашыў тут абаснавацца. Балазе, што і лес блізка, для будаўніцтва сялібы ёсць матэрыял. Меншы вырашыў плыць далей, дзе больш прастору. Ад свайго брата ён не так далёка адплыў – на вярсту ці крыху больш. Старэйшы брат вярнуўся дамоў, каб падгаварыць родных ехаць на новае месца, дзе будуць будавацца. Аднаму ж не пад сілу і нездарма ў народзе шанавалі талаку. Сюды панаехалі землякі братоў Кракаў. На тым месцы, што выбраў старэйшы брат, пабудавалі вёску і назвалі Вялікая Кракотка. Чуць далей на месцы, што аблюбаваў меншы брат, узнікла невялікая, але вельмі ўтульная вёсачка – Малая Кракотка. Пасяліліся тут добрыя, працавітыя ды дбайныя людзі. Чысціня іх помыслаў перадавалася з пакалення ў пакаленне. Гэтаксама, як і няспынны рух прыроды, якая ў кожную новую вясну абуджаецца, гатовая радаваць людзей, што тут пасяліліся, сваёй непаўторнай прыгажосцю.

 

Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.

 

Па ўласнай ініцыятыве Леанціна Станіславаўна вырашыла расказаць мне пра назву вядомай крыніцы Скуратоў калодзезь, якая размяшчаецца каля вёскі Кракотка. Узяць лекавай вады з якой прыязджаюць людзі нават з іншых краін. Я сама таксама ездзіла да гэтай крыніцы. Месца там вельмі прыгожае, ціхае. Пабываць там заўсёды цікава і прыемна.

 

72. Яшчэ адна цікавая легенда бытуе на кракоцкай зямлі…

 

Яшчэ адна цікавая легенда бытуе на кракоцкай зямлі. Гэта пра Скуратоў калодезь. Калі ён стаў называцца Скуратовым – ніхто не ведае. Толькі вось як распавядае легенда. Калісьці даўным-даўно непадалёку ад Кракоткі ў сваім маёнтку жыў багаты пан па прозвішчу Скурат. Яму належаў лес, землі ля Кракоткі. Ён часта са сваім “жонцам” аб’язджаў уладанні. Аднойчы ехаў ён ускрай лесу за рэчкай, убачыў жабрака, які адпачываў, жмурачыся на сонца, і ўсё прамываў вочы вадой. Пан спыніў каня, падышоў да жабрака і спытаў, што ён усё вочы жмурыць. Бедны жабрак спалохаўся, расказаў пану, што знямогся і рашыў адпачыць тут. Мучыла смага і вельмі хацелася піць. Ён ужо хацеў падысці да рэчкі за вадой, калі раптам убачыў, што з гары, дзе ён сядзеў, сочыцца чысцюткая вада. Вада каплямі сцякала ўніз. Жабрак узяў кружку, падставіў пад сцёк. Напіўся такой цудоўнай, “жывой” вады. Пасля рашыў прамыць вочы. Ён дрэнна бачыў… І тут – о, цуд – стары стаў лепш бачыць. Зноў набегла вады ў ягоны посуд, піў, вочы прамываў. Сам не верыў, што стаў лепш бачыць. У гэты ж момант і пан напаткаў яго. Скурат вельмі ўважліва аднёсся да жабраковага “адкрыцця”, уважліва яго выслухаў, нават прысеў побач, каб упэўніцца ў сапраўднасці лекавай вады. Пасля паслаў свайго памочніка дамоў за посудам для цудадзейнай вады. У пана родная дачка даўно хварэла. Да ўсякіх балячак далучылася слепата. Дачка з кожным днём усё горш і горш бачыла. Паверыўшы жабраку, нават пагрозы выказаў, калі ён абмануў пана, што вада з крынічкі лекавая. Дома дачка пана прамывала вочы нейкі час. О, дзіва, стала добра бачыць. З таго часу Скурат абгарадзіў гэтае месца, прабіў у гары сцёк, каб вада бегла хутчэй. Дачка вылечыла вочы. Многія жыхары вёскі таксама бралі воду з гэтай горнай крыніцы. З таго часу і сталі называць гэты калодзезь Скуратовым. Людзі ўставілі пасля трубу, зверху зрабілі зруб і бралі воду для лячэння ўсялякіх хвароб.

 

А цяпер там прывялі ў належны лад тэрыторыю ля калодзезя, прыступкі зрабілі, кран (бо старым цяжка падымаццца). Тут і школьнікі дапамагалі, і вяскоўцы. Але галоўную ролю выконваюць манахі з манастыра, што размясціўся ў будынку былой школы. Едуць людзі за вадой у гэты калодзезь з Ваўкавыска, Зельвы, Слоніма, Баранавіч. Усе вельмі хваляць гэтую ваду, бідонамі набіраюць. А яна прыбывае і прыбывае. Лечацца людзі, дзякуюць Богу за гэтую цуда-крыніцу.

 

Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.

 

Паабяцала Леанціна Станіславаўна мне расказаць яшчэ дзве тапанімічныя легенды. Але паколькі ёй патрэбен быў час, каб іх узнавіць у памяці, мы дамовіліся сустрэцца на наступны дзень.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.