9 жніўня
У гэты дзень мы з Ганнай Віктараўнай Дубатоўка (1950 г.н., беларуска, сярэдняя адукацыя, мясцовая) ізноў успомнілі прозу. Гэта было карысна з двух бакоў: па-першае, па ліку адзінак фальклорнай прозы мне вельмі не зашкодзіла б яшчэ пачуць што-небудзь ад маёй інфарманткі, а па-другое, слухаць Ганну Віктараўну вельмі прыемна. 6 жніўня я пачала запісваць пра тое, як святкуецца ў Елцы Купалле. Як высветлілася, не ўсе цікавыя абрады Ганна Віктараўна расказала мне ў той дзень. Таму сёння мы прадоўжылі размову пра гэта свята.
64. “Пра Купалле”
А яшчэ я пра Купалле ўспомніла. Дзяўчаты бяруць стужкі ў рукі за канцы і ўтвараюць круг. Хлопцы скачуць праз стужкі. Які не пераскочыць праз стужку, пакуль грае музыка, выходзіць.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
65. Дзяўчаткі бяруць свае вяночкі…
Дзяўчаткі бяруць свае вяночкі, запальваюць свечкі. Становяцца ў круг і пад музыку ідуць па крузе. Пры гэтым яны стараюцца патушыць свечку суседкі. А сваю берагуць. Таго, хто свечку сваю зберажэ, чакае ў гэтым годзе цікавае знаёмства і каханне моцнае ды вялікае.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
66. Ёсць у нас у вёсцы і такая гульня…
Ёсць у нас у вёсцы і такая гульня. Хлопцу аддзяваецца вяночак на галаву і ён мае права разбіць любую пару танцуючых, а свой вянок аддасць таму хлопцу, які застанецца без пары, а дзяўчыну забярэ.
Заўвага: каляндарна-святочная проза – летні цыкл – купальская.
Усё, на гэтым расказы пра святкаванне ў Елцы Купалля скончыліся. За такія цікавыя расказы пра мясцовыя абрады я вельмі ўдзячная Ганне Віктараўне. Я была гатова канчаткова развітацца, але мой каштоўны інфармант сказаў:
– Прыходзь заўтра. Яшчэ табе нешта раскажу.
– Тады да пабачэння!