30 ліпеня

 

Менавіта гэты дзень увайшоў у гісторыю як пачатак збору мною фальклору. Для мяне гэтае свята амаль што раўнацэннае ўзяццю Бастыліі, таму што нарэшце я адчула сябе паўнацэнным чалавекам, які ўсё ж такі здольны сабраць хаця б частку патрэбнай яму інфармацыі. Справа ў тым, што перад пачаткам працэсу збору фальклору я азнаёмілася з праграмай-апытальнікам дзеля таго, каб зразумець што такое фальклорная проза, а значыць, што мне патрэбна збіраць. Калі дадаць той факт, што перад тым, як зазірнуць у сам апытальнік, я паглядзела правілы афармлення матэрыялаў і ледзь не страціла прытомнасць, то стане зразумелым мой агульны настрой. Такі “добры” стан вырашыла “падтрымаць” мая бабуля, якая зазірнуўшы ў мае пытанні пад раздзелам “Міфалагічная проза” адразу сказала:

 

–       Ой, Алеся, хто ж табе тут з бабаў скажа, адкуль узялося сонца! Ты што, дзетка!

 

Пасля гэтых слоў мне стала яшчэ горш. Калі ж я прагледзела пытанні ў раздзелах “Народна-хрысціянская проза” і “Няказкавая проза”, то настрой мой палепшыўся, паколькі ўзнікла думка пра тое, што гіпатэтычна кожны інфармант зможа даць адказ на больш жыццёвыя пытанні.

 

Ітак, я апынулася ў вёсцы Кракотка, дзе жыве мая прабабуля і адкуль родам мой дзядуля. У маёй прабабулі, Арочка Еўдакіі Сцяпанаўны, чацвёра дзяцей: дзве дачкі і два сыны. Старэйшая дачка, бабуля Валя, таксама жыве ў гэтай вёсцы, таму я спадзявалася, што як мінімум два інфарманты ў мяне ўжо ёсць. Да таго ж сагрэць светлым пачуццём надзеі мяне паспела маці, якая сказала:

 

–       Не хвалюйся. Баба Дуня табе столькі розных легенд нагаворыць. Яна шмат чаго ведае! Пакуль мы будзем збіраць маліны, ты шмат чаго паспееш ад яе запісаць.

 

Пасля радасных прывітанняў мама сказала бабулі, што мне трэба сабраць фальклор, таму няхай яна раскажа мне якую-небудзь казку або легенду. На што бабуля сказала, што нічога не ведае. Але на нейкую хвіліну я адчула рашучы настрой, таму здавацца так проста не хацелася. Я падумала, што на самой справе менавіта ў родных людзей лягчэй ва ўсіх адносінах сабраць патрэбную інфармацыю. Калі я ўвайшла ў хату, апынуўшыся адзін на адзін з бабулямі, рашучы настрой некуды схаваўся, але, разумеючы, што адступаць няма куды, я задала бабулям наступныя пытанні:

 

–       Ці ведаеце вы, чаму Кракотка называецца Кракоткай?

 

–       Не.

 

–       А можа ведаеце, чаму Зальвянка так называецца?

 

–       Не, адкуль мы там ведаем. Мы нічога не ведаем.

 

–       Ну, а казку якую-небудзь, легенду?

 

–       Не.

 

Што ж, паспрабуем перайсці да іншых пытанняў з дапаможніка.

 

–       А што рабілі, каб карова давала многа малака?

 

–       Нічога не рабілі. Кармілі, ды ўсё.

 

–       А каб роды праходзілі лягчэй?

 

–       Нічога не рабілі.

 

Паспрабавала я пазадаваць і іншыя пытанні, але канкрэтных вынікаў гэта не прынесла. І тут, калі мая апошняя надзея сабраць хоць крышачку адзінак фальклорнай прозы не зусім памерла, з’явілася суседка маёй прабабулі Дзікевіч Аграфіна Віктараўна (1930 г.н., беларуска, 7 класаў, пераехала ў в. Кракотка з в. Ашмянцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў 2010 г.). Менавіта яна і стала маім першым афіцыйным інфармантам, ад якога я сабрала больш-менш прыстойную колькасць адзінак, калі браць пад увагу, што мае ранейшыя патэнцыяльныя інфарманты аказаліся “маратамі казеямі”. Але паток фальклорнай прозы ад Аграфіны Віктараўны таксама давялося пачуць не адразу. Калі б за намі хто назіраў збоку, то мог убачыць даволі цікавую карціну. Значыць, сядзім мы ўчатырох: двое маіх патэнцыяльных, як я думала раней, інфарманты, Аграфіна Віктараўна і я. Бабуля Валя – гэта старэйшая сястра майго дзядулі, пра якую я згадвала раней, пачала гаварыць нашай госці, дзеля чаго я тут прысутнічаю ў дадзены момант. Не ведаю, ці зразумела Аграфіна Віктараўна да канца, што тут робіцца, але адразу сказала, што нічога не ведае. Бабуля Валя, мусіць, зразумеўшы маю пэўную разгубленасць, таксама вырашыла так проста не здавацца.  Яна спытала:

 

–        Можа, ты ведаеш, чаму Кракотка называецца Кракоткай?

 

 Ёй былі зададзены тыя ж пытанні, што і маім бабулям. Зразумела, што калі мясцовыя жыхары не змаглі даць адказу на пытанне адносна паходжанняў назваў вёскі і рэчкі, то і Аграфіна Віктараўна нічога не сказала на гэты конт. Як і мая прабабуля, яе суседка таксама па прычыне ўзросту не вельмі добра чуе. Таму парой дэцыбелы майго “рэзанатара” зашкальвалі ў пакоі. Пытанні адносна магічных загавораў, якія даляталі не зусім з хуткасцю святла да Аграфіны Віктараўны, чаканых вынікаў не прынеслі.  Пытанні іншага плана таксама не прынеслі ніякай карысці. Затое, калі прагучала пытанне на тэму асабістага лёсу, Аграфіна Віктараўна пачала расказваць пра розныя падзеі са свайго жыцця. Як я разумею, тыя фальклорныя адзінкі, якія будуць прыведзены ніжэй, падаваліся маёй інфарманткай не зусім у храналагічнай паслядоўнасці. Але, мабыць, гэта не мае такой ужо важнасці. Галоўнае – запісаць тое, што гаворыць чалавек, які перажыў у сваім жыцці розныя падзеі, як радасныя, так і трагічныя.

 

Успамінаючы пра сваё жыццё, чалавек перш за ўсё згадвае сваё дзяцінства. Многія кажуць, што гэтая пара чалавечага жыцця самая светлая, бесклапотная. Але калі гаворка ідзе пра дзяцінства, якое праходзіла падчас пэўных пераваротаў у дзяржаве, вайны, то, безумоўна, успаміны будуць не самыя светлыя. Вось і Аграфіна Віктараўна пачала расказваць пра свае маладыя гады, пра сваю сям’ю. Паколькі для мяне галоўнай мэтай было запісаць тое, што яна гаворыць, то занатоўвалася ўсё, што было сказана маёй субяседніцай так, як яна гаварыла. Таму зараз перада мной стаяла задача паспяваць занатоўваць яе думкі.

 

1. Быў у мяне тата з мамаю…

 

Быў у мяне тата з мамаю. Былі ў яго я – першая, тады быў брацік Віця. Чатыры месячыкі гадаваўся. Умёр. Засталося нас чатыры дачкі. Тата наш за польскімі быў просты. Нідзе начальнікам ён не быў. Прыйшлі Саветы. Паставілі тату начальнікам. Хадзілі то немцы, то белыя. А мы чатырох. Мама – пята. Потым тата выкапаў яму пад канём. Кармілі яго мы. Умёр тата. Пахавалі. А мы асталіся. 36 гадкоў яму было. Тады пахавалі яго. Усё.

 

Прыйшлі Саветы. Забралі каня ў нас. Вызвалі на сабраніе. Я пайшла. Я казала: “Дзякуй Богу, што забралі каня. Бо гэта ж я і баранавала, і ўсё рабіла. Таму і рада”. За Саветамі добра нам жылося. Але замуж пайшлі за п’яніц.

 

 А мы чатырох шлі замуж. Бралі ў арцісты. Матцы казалі:

 

–       Аддзявайцеся ўсе, толькі вешчы бярыце.

 

Мама казала:

 

–       Я застануся і дзяцей не пушчу.

 

Заўвага: няказкавая проза – мемуары.

 

Нарэшце, дайшла Аграфіна Віктараўна і да ваенных падзей. Шчыра кажучы, я думала, што гаворка пойдзе пра Вялікую Айчынную вайну. І тут я заўважыла цікавую рэч: у расказе маёй субяседніцы прысутнічалі і немцы, і партызаны, і белыя, а вось чамусьці пра чырвоных не было сказана ні слова. Калі браць пад увагу год нараджэння Аграфіны Віктараўны (1930), то сведкай ваенных падзей Першай сусветнай вайны, а таксама грамадзянскай яна ніяк не магла быць. Пры маёй спробе высветліць, пра якую вайну ўсё ж такі ідзе гаворка, Аграфіна Віктараўна не магла даць дакладнага адказу або я не змагала зразумець ход яе думак. У рэшце рэшт я вырашыла проста запісваць, паколькі любыя звесткі з народнай памяці ўвасабляюць асаблівую каштоўнасць. Што ж, калі мы звярнуліся да ранейшых гістарычных падзеяў на нашай зямлі, чым нават Другая сусветная вайна, то гэта толькі плюс. Мабыць, запісаць такі “мікс” ваенных падзей на нашай зямлі марыць любы гісторык. Я таксама вырашыла не губляць такой магчымасці.

 

 

2. То белыя, то немцы…

 

То белыя, то немцы. А ўночы чырвоныя прыйдуць пытацца. Я партызанам рукавіцы вязала, шкарпэткі. Мама кажа:

 

–       А дзе я вазьму ніцей?

 

–       Прывязём.

 

–       Ну то калі прывезяце, то і звяжам.

 

Дрэнна жылі, нічога не бачылі. Мама то хоць целевізер відзела, а татачка нічога не бачыў. Вось як…

 

Некалі і сваю работу, і пасадзіш, і сярпом жалі. А мы малыя былі. Нажом жалі. Снапы вязалі…

 

Заўвага: няказкавая проза – мемуары.

 

Расказала мая субяседніца і пра свае жаночыя тайны. Але перад тым, нібы засцерагаючыся, спытала:

 

–       А ці можна гэта расказваць?

 

–       Можна.

 

Пасля майго станоўчага адказу, Аграфіна Віктараўна распавяла пра тое, аб чым можна даведацца ніжэй.

 

Варта сказаць, што ў Аграфіны Віктараўны, жанчыны прыгожай, паколькі яе прывабнасць заўважна нават у сталым узросце, быў не адзін жаніх.

 

3. А з Буціў быў кавалер да мяне хадзіў…

 

А з Буціў быў кавалер да мяне хадзіў. Злодзей… Пайшоў уночы з братам да магазіна. Укралі  водкі, камузэлькі, часэ, адзікалоны. Мне даў адзікалону бутылку. А мы як заспяваем.

 

–       Маці, хадзі на двор.

 

–       Чаго?

 

–       Ну, хадзі, ну.

 

–       Ну, што, мама, чуеш што?

 

–       Ну, кажа, харашо спяваюць.

 

–       Гэта ж мая дзеўка і маці з сёстрамі.

 

Забралі ў цюрму яго на 10 гадоў. Мама кажа: “Нашоўся тут цяперака. Ідзі, – кажа, – замуж”.

 

Прыехаў кавалер у сваты. Хата хароша. Прыехаў кавалер у сваты. Прывёз закуску. А мы ж маму слухалі. То не цяпер, што не слухаюць. Прыехалі да касцёла. Ксёндз мне і кажа:

 

–       Выйдзі на двор, пахадзі. Дзецко маё кохано, а чаму ты за яго ідзеш?

 

–       Мама выпраўляе, таты няма. Вось мама кажа ідзі. За каго пойдзеш?

 

–       Ідзі лепш у балота ўтоўпся, чым за яго замуж ісці.

 

І паехаў ён дахаты. “Вон, – кажу, – каб я яго не бачыла”. А ўпяцёх былі харошыя. І спявалі, і скакалі. Усё на свеце.

 

Заўвага інфарманта: камузэлька – безрукаўка.

 

Заўвага: няказкавая проза – мемуары.

 

Каб прадоўжыць нашу гаворку, я спытала ў Аграфіны Віктараўны, колькі яна мае дзяцей. На маё пытанне я пачула наступны адказ.

 

4. У мяне трое дзетак…

 

У мяне трое дзетак. Два сыны і дачка. Шэсць цукерак прынясу. Селі ўсе за сталом. І ядуць, і я – чацвёртая. А некалі давалі шэсць цукерак. Закручоныя, мятныя.

 

–       А чаму толькі па адной цукерцы далі?

 

–       Вось дурны. А дзе ж маці грошаў набярэ?

 

Адзін сынок умёр. Жыў, жанаты. Сынок у яго быў. А ён быў начальнікам на заводзе, дзе машыны робяць. Другі – сваршчык. Картачкі прыносіць, што заслужаны ўсё. Дзеці слухалі мяне. У гасударстве больш плацілі. Я на пяцёх работах работала. Дала яму 10000, то і паехаў вучыцца.

 

–       А я больш вучыцца не пайду.

 

–       Не, кажу, сынок, паедзеш.

 

Паехалі мы з ім. Паехала і я ў Ліду. Не ведала, дзе ён вучыцца. А па дарозе сустрэлі ягоную учыцельку.А я далей ні села, не ўгаварылі. І забралі яго, і павязлі. Так ён і давучыўся. Вось як. Ні дзеці нічога не відзелі, ні маці не відзела.

 

Пасля гэтага аповеду, Аграфіна Віктараўна, мабыць, вырашыўшы, што прыгадала дастаткова мемуараў, успомніла мае папярэднія пытанні і сказала:

 

– Ты кажаш, як Бог шчасце дае? У мацеры 9 дзяцей. Восем дачок, а дзявяты – сын. Усе парасходзіліся з мужыкамі. А сын, дзявяты, не разышоўся. Вырасла дачка. Выйшла замуж. І разышлася. А другі яе мужык забіў яе насмерць.

 

Заўвага: няказкавая проза – мемуары.

 

На гэтым наша гаворка спынілася. Я падзякавала Аграфіне Віктараўне за ўдзел у маім апытанні. На душы стала трошкі лягчэй ад пачуцця таго, што няхай хоць нешта мне давялося запісаць у гасцях. Пасля таго, як маці візуальна ацаніла маю працу па аб’ёме занатаванага, увогуле з’явілася надзея на тое, што гэта толькі пачатак, а далей будзе лягчэй. Я збяру гэтую фальклорную прозу. Усё будзе добра. Такімі супакаяльнымі словамі я закончыла свой першы дзень практыкі (у поўным сэнсе гэтага слова).

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.