24 ліпеня. Дзень 6.

 

Вось і наступіў той дзень, а дакладней, тая вечарына. На гадзінніку сямнаццаць, бабуля мая перабіраю сваё адзенне, пытаецца ў мяне, што ёй прыгожае  апрануць. Мы выбіраем  сінюю сукенку, я зачэсваю ёй  валасы, яна завязвае сваю святочную хустачку – мы гатовы! Зачыняем на замок дзверы бабулькінай хаты і напраўляемся у клуб, дзе на другім паверсе нас чакае прыемны вечар спаткання і мастацтва. Яшчэ раніцаю я  паставіла тэлефон на падзарадку, каб быць падрыхтаванай на ўсе 100 %.

 

Прыйшлі ў клуб і я бачу, што падрыхтавалі тэхніку: стаіць музыкальны цэнтр, ляжыць на століку мікрафон. Я падумала, што не  памылілася, Аляксандра Іванаўна сустрэла нас з усмешкай і сказала, што арганізавала тэхніку, каб я змагла лепш  запісаць матэрыял, бо мая ідэя зрабіць запіс ёй вельмі спадабалася, яна таксама вырашыла для нашчадкаў захаваць галасы жыхароў вёскі.

 

Мы прыйшлі першымі, але хуценька пачалі з’яўляцца бабулі, было бачна, што ўсе старанна рыхтаваліся да вечарыны: прыгожыя кашулі, святочныя хустачкі, свежанькія тварыкі. Сярод гэтых жанчынак, я заўважыла двух сябровак, да якіх хадзіла ў аўторак, было вельмі прыемна ўбачыць знаёмыя тварыкі, павіталася з імі, яны таксама былі рады мяне бачыць, з астатнімі бабулямі я таксама была знаёма. Калі ўсе сабраліся, я выйшла на сярэдзіну залы  і  расказала ім пра фальклорную практыку, што мне вельмі  патрэбна, на што мне бабулі адказалі амаль, як хорам, што дапамогуць.

 

 

Я вельмі ўзрадавалася. Пачала самая старэйшая, Ганна Іванаўна:

 

- Ну, пярод мая мама казала: збіраліся ў хатах, на празднікі і пелі ўсялякія песні. Вот як хочаш, дзяўчо, я табе магу  спець адну. Вот такая песенка:

 

                             

 

                               Чаму ж мне не пець?

 

                               Чаму ж мне не пець?

 

Чаму ж не гудзець?

 

Калі ў маёй хатачцы

 

Парадак ідзець.

 

 

Чаму ж мне не пець?

 

Чаму ж не гудзець?

 

Мушка на ваконцы

 

У цымбалкі  б’ець.

 

 

Чаму ж мне не пець?

 

Чаму  ж не гудзець?

 

Мой сынок у калясцы

 

Як бычок равець.

 

 

Чаму ж мне не пець?

 

Чаму  ж не гудзець?

 

Парсючок пад лаўкай

 

У хатачцы гудзець.

 

( 48. сямейная песня)

 

 

Валянціна Уладзіміраўна расказала некалькі прыказак:

 

Грэшную галаву і меч не сячэ.

 

( 49. прыказка)

 

Людзей іншых слухай, але свой розум май.

 

( 50. прыказка)

 

Беражонага -  Бог беражэ.

 

( 51. прыказка)

 

Багатаму чорт дзяцей калыша.

 

( 52. прыказка)

 

Свая кашуля бліжэй да цела.

 

( 53. прыказка)

 

Яйцо курыцы ня вучыць.

 

( 54. прыказка)

 

Муж і жана – адна сатана.

 

( 55. прыказка)

 

Колас добра не саспее, калі сонейка не грэе.

 

( 56. прыказка)

 

А Ганна Іванаўна падказала некалькі прымавак:

 

Шмат снегу – шмат хлеба.

 

( 57. прыкмета)

 

 Што ў ваду ўпала, тое і прапала.

 

( 58. прымаўка)

 

Як беднаму жаніцца – дык і ноч кароткая.

 

( 59. прымаўка)

 

 

- Прапаём мы песні, каторыя знаем (тут пачала мая бабуля  і ўсе падхапілі):

 

Што за месяц

 

Што за месяц, што за ясны,

 

Ноччу свеціць, а днём не.

 

Што за міленькі дружочак,

 

Калі  прыйдзя, калі не.

 

Што за міленькі дружочак,

 

Калі  прыйдзя, калі не.

 

Усе людзі толькі кажуць,

 

Усе людзі гавараць:

 

•Сорам дзеўка, сорам, красна

Позна вечарам гуляць.

 

•Сорам дзеўка, сорам, красна

Позна вечарам гуляць.

 

Дзяўчынетой кепска стала.

 

Стала плакаць і рыдаць,

 

Хлопцу тожа шкода стала

 

Давай дзеўку суцяшаць.

 

Хлопцу тожа шкода стала

 

Давай дзеўку суцяшаць.

 

-Не плач дзеўка, не плач, красна.

 

Хутка прыдуць  да цябе,

 

Разгарайца кроў гарача –

 

Вазьму замуж за сябе.

 

Разгарыцца кроў гарача –

 

Вазьму замуш за сябе.

 

( 60. песня пра каханнне)

 

 

Тут пачала спяваць песню Валянціна Уладзіміраўна і зноў усе падхапілі:

 

Ой,  хацела ж мяне маць

 

Ой, хацела ж мяне маць

 

Да за першага аддаць.

 

А той первый, первый  - друг неверный.

 

Ой, не аддай мяне маць.

 

А той первый, первый друг неверный

 

Ой, не аддай мяне маць.

 

 

Ой,хацела ж мяне маць

 

Да за другага аддаць.

 

А той другі-  ходзіць да падругі.

 

Ой, не аддай мяне маць.

 

А той другі ходзіць да падругі.

 

Ой, неаддай мяне маць.

 

 

Ой,хацела ж мяне маць

 

Да за трэцяга аддаць.

 

А той трэці,як у полі вецер.

 

Ой, не аддай мяне маць.

 

А той трэці,  як у полі вецер.

 

Ой, не  аддай мяне маць.

 

 

Ой,  хацела ж мяне маць

 

 За чацвёртага аддаць.

 

А той чацвёрты- ні жывы,ні мёртвы.

 

Ой, не аддай мяне маць.

 

А той чацвёрты - нижывы,ні мёртвы.

 

Ой, не  аддай мяне маць

 

 

Ой,  хацела ж мяне маць

 

Да за пятага аддаць.

 

А той пяты  - п’яніца пракляты.

 

Ой, неаддай мяне маць.

 

А той пяты- п’яніца пракляты.

 

Ой, неаддай мяне маць.

 

 

Ой,хацела ж мяне маць

 

Да за шостага аддаць.

 

А той шосты- малы  нідарослы.

 

Ой, не  аддай мяне маць.

 

А той шосты  - малы  нидарослы.

 

Ой, неаддай мяне маць.

 

 

Ой,хацела ж мяне маць

 

Да за сёмага аддаць.

 

А той сёмы  - прыгожы  дывясёлы.

 

Ён не схацеў мяне браць.

 

А той сёмы прыгожы ды вясёлы.

 

Ён не схацеў мяне браць.

 

( 61. жартоўная песня)

 

 

Потым яшчы адну запела пра каханага:

 

Роза

 

Белую розу зрываю,

 

Красную розу дару

 

Жоўтую розу-разлуку

 

Я пад нагамі тапчу.

 

Прыпеў:   Верыла,верыла,веру

 

Верыла,верыла я,

 

Но нікаму не паверу,

 

Што ты разлюбіш меня.

 

( 62. песня каханне)

 

Адна бабуля расказала, што ў маладосці, дзяўчаты хадзілі на рэчку і мылі адзенне і бялізну, а каб было весялей, спявалі песні.

 

- Вось паслухайце песню пра закаханых:

 

Ручнікі

 

У суботу Янка ехаў ля ракі

 

Пад вярбой Алёна мыла рушнікі

 

Пакажы Алёна броду земляку

 

Як тут пераехаць на кані раку.

 

 

Адчапіся хлопец, едзь абы-  куды

 

Не муці мне толька чыстае вады.

 

У маркоце Янка галавой панік

 

Упусціла дзеўка беленькі рушнік.

 

 

Янка, мой саколік, памажы хутчэй.

 

Бо плыве-знікае ручнічок з вачэй.

 

Любая Алёна, я вады баюсь

 

Пацалуй спачатку, бо я ўтаплюсь.

 

 

Супыніўся гнеды пад густой вярбой.

 

Цалаваў Алёну Янка над вадой

 

Стала ціха-ціха на ўсёй зямлі

 

Па рацэ далёкай рушнічкі плылі.

 

( 63. песня пра каханне)

 

Потым бабулі пачалі расказваць павер’і, прыказкі, прымаўкі, прыпеўкі і заспявалі.

 

Марыя Антонаўна загадвала загадкі, іх было шмат і над кожнай з іх трэба было паразважаць:

 

Без кораня, але расце.

 

                      (Камень)

 

( 64. загадка)

 

Без ног бяжыць,без вачэй глядзіць.

 

                                                  (Вада)

 

( 65. загадка)

 

Ляжыць пад ганкам, хвост абаранкам.

 

                                                   (Сабака)

 

( 66. загадка)

 

Лата на лаце, але нітак не відаці.

 

                                       (Капуста)

 

( 67. загадка)

 

Дзеўка ў каморы, а яе косы на двары.

 

                                                 (Морква)

 

( 68. загадка)

 

Тысячы брацікаў звязаны, адным поясам падпяразаны.

 

                                                                                  (Сноп)

 

( 69. загадка)

 

Пяць братоў у адну ноч нарадзіліся і ўсе з адным імем.

 

                                                                              (Пальцы)

 

( 70. загадка)

 

Зверху гола, знізу лахмата, цяплом багата.

 

                                                           (Кажух)

 

( 71. загадка)

 

Ішоў, ішоў, дзве дарогі знайшоў, у дзве пайшоў.

 

                                                                    (Штаны)

 

( 72. загадка)

 

Чорненькі паршучок два хвосцікі мае.

 

                                                     (Лапці)

 

( 73. загадка)

 

Верхам сядаю, а на каго-  не знаю, знаёмага ўбачу – адразу саскочу.

 

                                                                                                  (Шляпа)

 

( 74. загадка)

 

Не звер, а махнаты, не конь, а з вушамі.

 

                                                              (Шапка – вушанка)

 

( 75. загадка)

 

А потым яна праспявала некалькі калыханак:

 

 

Баю-баюшкі-баю,

 

 не лажыся на краю,

 

прыйдзе шэранькі ваўчок,

 

схопіць цябе за бачок.

 

А-а-а-а-а-а

 

(76. калыханка)

 

 

Спі, маленькі, галава

 

Заўтра будзе новы дзень

 

Баю-байкі летуцень.

 

       (77. калыханка)

 

 

Ах ты, коцік, мой каток,

 

У цябе шэранькі хвасток.

 

Прыйдзі ў хату начаваць,

 

Маю Вольку калыхаць.

 

А я табе заплачу:

 

Дам кусочак піражка

 

І куўшынчык малачка.

 

( 78. калыханка)

 

Ганна Іванаўна таксама ўспомніла калыханачку, якую спявала сваім сыночкам:

 

Спі, сыночак, міленькі,

 

Галубочак сізенькі.

 

Мой сыночак будзе спаць,

 

А я буду калыхаць.

 

Нашто, вецер, ты гудзеш,

 

Спаць сыночку не даеш?

 

Спі, сыночак, міленькі,

 

Ой, ды люлі-люленькі…

 

                                ( 79. калыханка)

 

 

Бабуля мая, Ніна Савельеўна, расказала казку:

 

Распавяду я табе, унучка, казку, якая была  вельмі знаёмай яшчэ ў гады вайны, мне яе таксама мая маці казала. Вядома ж людзі былі не такія, як зараз, іх шмат што цікавіла. Дык вось.

 

  У аднаго вельмі беднага чалавека было тры сына. Хлопцы выраслі і вырашылі, што пара жаніцца. Ну знайшлі яны сабе жонак. Неяк з горам папалам справілі тры вяселлі. Вырашылі тады хлопцы, што патрэбна неяк паднімаць гаспадарку. І вось яны кожны дзень уставалі з сонцам, працавалі, а пасля вырашылі, што без дапамогі жонак ім не абысціся. Ды вось, вырашылі, што адна з жонак будзе заставацца дома – рыхтаваць ежу, а дзве другія разам з мужамі будуць працаваць. За гаспадыню аставілі жонку малодшага сына.

 

 Пачаўся наступны дзень. Усе пайшлі на працу, а гэту пакінулі дома і нагадалі абед зрабіць, самі пайшлі. Вярнуўшыся ў абед дадому, убачылі што есці няма нічога, а жонка малодшага сына сядзіць на печы, нават у хаце паленавалася падмесці. Ну што ж, дзве другія гаспадыні хутка прыгатавалі ежу, пасадзілі за стол сваіх мужоў, самі селі, а жонку малодшага брата не звалі. Так прадаўжалася некалькі дзён. А на чацвёрты дзень гэтая дзеўка злезла з печы і папрасіла, каб яе навучылі працаваць. Бо, як кажуць у народзе:”Хто не працуе, той не есць.( 80. прымаўка) ” ( 81. казка) Вось такая казка.

 

 

Не заўважылі, як праляцеў час, трэба ісці дадому,  карміць скацінку. Усе пачалі збірацца, падзякаваўшы нашым жанчынкам, мы з бабуляй пайшлі дадому.

 

За вячэрай дзяліліся ўражаннямі, а потым пайшлі адпачываць.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.