11 жніўня.

 

Недзе а чацвёртай гадзіне я нагадала маме, што трэба з’ездзіць да гэтых бабулек, пакуль мы не паехалі ўвечары назад у Менск. Адна я трошкі баялася ісці: я ж не ведаю, як з імі, старэнькімі, камунікаваць!

 

Мы пад’ехали да хаты Кунцэвіч Валянціны Раманаўны (1934 г.н., бел., 6 класаў, мясцовая)., але ўсе дзверы былі зачыненыя: дома нікога не было. Маці сказала:

 

-         Ну што, тады ў наступны раз, калі прыедзем, прыйдзеш сюды?

 

А калі я здавалася?

 

-         Не, мама! Па-першае, ёсць яшчэ Валянціна Іванаўна, мы можам да яе схадзіць. Па-другое, мы можам у тых людзей спытаць, дзе Валянціна Раманаўна, - я паказала на бяседку на ўчастку суседзяў бабулі цераз плот, там быў накрыты невялікі стол ды даносіўся вясёлы гоман.

 

Мы выбралі другі варыянт. І не памыліліся.

 

Аказалася, што там былі і Валянціна Іванаўна (Алешкевіч Валянціна Іванаўна, 1936. г.н., бел., 7 класаў, мясцовая), і Валянціна Раманаўна, а ў гасцях яны былі ў свайго былога кіраўніка народнага калектыву, Леаніда, які і вазіў іх па рэспубліцы.

 

Мы растлумачылі ім, хто мы такія і чаму прыйшлі да іх, а яны усадзілі нас за стол, я азірнуцца не паспела – перада мной з’явіліся чыстыя талерка, відэлец ды чарка. Гэта значыць, песні будзем збіраць весела.

 

Бабулі з Леанідам жартавалі, весяліліся, распытвалі асабіста пра нас і пра тое, якія песні нам патрэбныя. Цікава, што абедзве Валянціны зусім розныя па характары: Раманаўна энергічная, гаворыць гучна, весела і шмат, а яе сяброўка, Іванаўна, наадварот, паводзіла сябе вельмі сціпла, гаварыла нягромка.

 

Раманаўна папярэдзіла нас з мамай, што яна не спявае пасля смерці дачкі, пра што мы ўжо ведалі ад Ліны Валянцінаўны. Але праз нейкі час псіхалагічнай падрыхтоўцы яна раптам заспявала сваім гучным голасам, а Іванаўна хутка да яе далучылася:

 

49.            Чаму не прыйшоў, як вецер зышоў?

 

Як я цябе ждала!

 

Ці каня не маў?

 

Ці сцежкі не знаў?

 

Ці маць не пускала?

 

Ці каня не маў?

 

Ці сцежкі не знаў?

 

Ці маць не пускала?

 

 

Я коніка маў, і сцежку знаў,

 

І маці выпраўляла.

 

Меншая сястра,

 

Бадай, не ўзрасла –

 

Сядзельца схавала.

 

Меншая сястра,

 

Бадай, не ўзрасла –

 

Сядзельца схавала.

 

 

Большая сястра сядзельца знайшла,

 

Коніка сядлала.

 

“Паязджай, браток, да дзяўчыны,

 

Якая ждала!

 

Паязджай, браток, да дзяўчыны,

 

Якая ждала!”

 

 

Цячэ рэчанька, цячэ быстрая,

 

Скочу-пераскочу.

 

Ой, аддай мяне, мая мамачка,

 

За каго я хочу!

 

Ой, аддай мяне, мая мамачка,

 

За каго я хочу!

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая любоўная песня.

 

 

А наступная песня, якую яны выканалі, - мясцовы варыянт шмат каму вядомай песні “Ветер, ты плачешь у старого сада”. Валянціна Раманаўна казала, што яе часта спывалі у час вайны.

 

50.           Ветер, ты плачешь у старого сада,

 

Желтые листья купая в пыли.

 

Ветер не плачь, милый ветер, не надо!

 

Ты только душу тревожишь в груди.

 

Ветер не плачь, милый ветер, не надо!

 

Ты только душу тревожишь в груди.

 

 

Ветер, ты плачешь, больной и усталый,

 

Ведь ты такой же усталый, как я.

 

Ветер не плачь, милый ветер, не надо!

 

Ведь ты не плачешь – не плачу и я.

 

Ветер не плачь, милый ветер, не надо!

 

Ведь ты не плачешь – не плачу и я.

 

 

Старые клены, дубы и березы,

 

Вам только зиму одним зимовать.

 

Настанет весна, с нею ливни и грозы,

 

Лишь мне одною весь век вековать.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая элегічная песня.

 

51.           Няма майго казачэнькі,

 

Што я палюбіла.

 

Няма яго і не будзе: паехаў у Адэсу.

 

А мне сказаў: “Расці, дзеўка да майго прыезда”.

 

Няма яго і не будзе: паехаў у Адэсу.

 

А мне сказаў: “Расці, дзеўка да майго прыезда”.

 

 

Расла, расла красна дзеўка,

 

Расці перастала,

 

Ждала-ждала казачэньку,

 

Дай плакаці стала.

 

Ждала-ждала казачэньку,

 

Дай плакаці стала.

 

 

Плачце вочы, плачце кары –

 

Така ваша доля.

 

Палюбіла казачэньку,

 

Пры месяцы стоя.

 

Палюбіла казачэньку,

 

Пры месяцы стоя.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая любоўная песня.

 

52.           Не сама я палюбіла,

 

Палюбіла маці,

 

Заставіла сваю дочку

 

На век гараваці,

 

Заставіла сваю дочку

 

На век гараваці.

 

 

Гаруй, дочка, гаруй, міла,

 

Як я гаравала.

 

Гадуй сына, гадуй сына,

 

Як я гадавала,

 

Гадуй сына, гадуй сына,

 

Як я гадавала.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.

 

-         А гэтую песню часта спявала жанчына нейкая, стоячы у жалезнай дарогі. Спявала, пакуль чакала мужа-машыніста, так я яе запомніла.

 

53.           Мчится поезд по уклону,

 

Он мчится дальней стороной,

 

А машинисту молодому

 

Кричит обходчик путевой,

 

А машинисту молодому

 

Кричит обходчик путевой:

 

 

«Ой, тише, тише по уклону,

 

Не разгоняйся, паровоз,

 

Там неисправная дорога –

 

Свалиться можно под откос.

 

Там неисправная дорога –

 

Свалиться можно под откос».

 

 

Но машинист на эту просьбу

 

Махнул по воздуху рукой:

 

«Я только время сэкономлю –

 

Быстрей приеду я домой,

 

Я только время сэкономлю –

 

Быстрей приеду я домой».

 

 

Ему хотелось в эту ночку

 

Еще раз дома побывать,

 

Поцеловать малютку дочку,

 

Жену к груди своей прижать,

 

Поцеловать малютку дочку,

 

Жену к груди своей прижать.

 

 

Но в эту самую минуту

 

Пустился поезд под откос,

 

А вместе с поездом свалился

 

И с машинистом паровоз,

 

А вместе с поездом свалился

 

И с машинистом паровоз.

 

 

Малютку в детский дом отдайте,

 

Пусть там немножко подрастет.

 

Пусть об отце она узнает,

 

За машиниста не пойдет,

 

Пусть об отце она узнает,

 

За машиниста не пойдет.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка - баладная песня.

 

 

Раптам Валянціна Раманаўна сказала:

 

-         Ой, пачуюць мяне, што пяю, і будуць потым гаварыць. Пойдзем, Насця, лепш да мяне ў хату, я табе там спакойна астатнія песні спяю.

 

Пакуль мы накрывалі ў хаце стол, яна расказала мне трошкі пра сваё жыццё. Паказала некаторыя фатаздымкі:

 

-         Вось гэта я ў моладасці, - гаварыла яна, паказваючы вельмі прыгожую маладую дзяўчыну. – А гэта мой муж. Шчасліва я выйшла замуж, па любві. Мы с ім яшчэ за адной партай у школе сядзелі.

 

А потым яна раптам спытала:

 

-         А ты замуж не збіраешся яшчэ?

 

-         Не-е-е! – засмяялася я. – Мне ж яшчэ толькі васемнаццаць, пакуль трэба вучыцца.

 

-         Ну і правільна. Лепш не спяшайся, не нада, яшчэ ўсё ты паспееш. А вось зараз табе маю праўнучку пакажу, - яна дастала з-за шкла фатаздымак. – Гэта мая ўнучка, яна толькі нядаўна нарадзіла. Хутка прыедуць да мяне.

 

Потым у хату увайшлі Валянціна Іванаўна, мая мама і Леанід, і селі за толькі што накрыты стол. Валянціна Раманаўна заспявала:

 

 

54.            Вінавата бярозка, што ў бару,

 

Вінавата бярозка, што ў бару.

 

 

Вінавата мамачка, што ў даму,

 

Вінавата мамачка, што ў даму.

 

 

Што аддае дачушку далёка,

 

Што аддае дачушку далёка,

 

 

Дый за тыя палі пыльныя,

 

Дый за тыя палі пыльныя,

 

 

Дый за тыя лясы цёмныя,

 

Дый за тыя лясы цёмныя,

 

 

Дый за тыя рэчкі быстрыя,

 

Дый за тыя рэчкі быстрыя.

 

 

А я полем іду, пылюся,

 

А я полем іду, пылюся,

 

 

А я лесам бягу, баюся,

 

А я лесам бягу, баюся,

 

 

А я рэчкай плыву, таплюся,

 

А я рэчкай плыву, таплюся.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.

 

 

55.           Ой, мяцеліца, ой, мяцеліца,

 

Ўсе дарожкі замяла,

 

Як мне, дзеўчыне, як мне, дзеўчыне,

 

Ехаць з любым да сяла,

 

Як мне, дзеўчыне, як мне, дзеўчыне,

 

Ехаць з любым да сяла.

 

 

Я сняжыначкі, я пушыначкі,

 

Сваім сэрцам растаплю,

 

Ведай, міленькі, ведай, міленькі,

 

Цябе моцна я люблю,

 

Ведай, міленькі, ведай, міленькі,

 

Цябе моцна я люблю.

 

 

 

Ой, мяцеліца, ой, мяцеліца,

 

Пагуляла і пайшла!

 

А вяселейка, а вяселейка

 

Едзе з песняй да сяла,

 

А вяселейка, а вяселейка

 

Едзе з песняй да сяла.

 

Заўвага: сямейна-абрадавая паэзія – вясельная песня.

 

 

56.           Ой, Марусенька,

 

Ой, Марусенька,

 

Не ўлюбляйся ў казачэньку, бо не можна,

 

Не ўлюбляйся ў казачэньку, бо не можна.

 

 

Казачэнька позна ходзіць,

 

Не адну ён Марусеньку з ума зводзіць,

 

Не адну ён Марусеньку з ума зводзіць.

 

 

Звёў адну ён, звёў другую,

 

Звядзе цябе, Марусенька, маладую,

 

Звядзе цябе, Марусенька, маладую.

 

 

Ой, у лузе на дубочку

 

Калыхала Марусенька сына й дочку,

 

Калыхала Марусенька сына й дочку.

 

 

Калыхала і казала:

 

“Праз каго я, маладая, пастрадала?

 

Праз каго я, маладая, пастрадала?

 

 

Ці праз Бога, ці праз людзей,

 

Ці праз тога казачэньку маладога,

 

Ці праз тога казачэньку маладога?”

 

 

“Не праз людзей, не праз Бога,

 

А праз тога казачэньку маладога,

 

А праз тога казачэньку маладога”.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая любоўная песня.

 

 

57.           Каля рэчкі я хадзіла,

 

Не відаць у рэчкі дна,

 

Выйшла замуж я далёка

 

Дый завяла, як трава,

 

Выйшла замуж я далёка

 

Дый завяла, як трава.

 

 

Выйдзі, мамачка, паслухай

 

Утром рано на зарэ:

 

Не твая ці дочка плача

 

Ў чужой дальняй старане,

 

Не твая ці дочка плача

 

Ў чужой дальняй старане?

 

 

Не таго я, мамка, плачу,

 

Што чужая старана,

 

А таго я, мамка, плачу –

 

Прайшла моладасць мая,

 

А таго я, мамка, плачу –

 

Прайшла моладасць мая.

 

 

Мая моладасць праходзіць,

 

Як з высокай трубы дым,

 

А я плачу да ўвядаю

 

Сваім сэрцам маладым,

 

А я плачу да ўвядаю

 

Сваім сэрцам маладым.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – бытавая сямейная песня.

 

58.           Я па кузню йшла, вугалёк знайшла,

 

Я па кузню йшла, вугалёк знайшла,

 

Любі мяне кавалёк – падару я вугалёк,

 

Любі мяне кавалёк – падару я вугалёк.

 

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала.

 

 

Каваль малады ў мяне закахаўся,

 

Каваль малады ў мяне закахаўся,

 

За печку забёг – ад мяне схаваўся,

 

За печку забёг – ад мяне схаваўся.

 

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала.

 

 

Гані маці каваля з хаты,

 

Гані маці каваля з хаты,

 

Бо каваль малады хоча начаваці,

 

Бо каваль малады хоча начаваці.

 

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала.

 

 

А мне маці да не тое кажа,

 

А мне маці да не тое кажа:

 

“Сцялі, доню, пасцель – нахай каваль ляжа,

 

Сцялі, доню, пасцель – нахай каваль ляжа”.

 

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала.

 

 

Пасылала мяне маці па белую гліну,

 

Пасылала мяне маці па белую гліну,

 

А я ёй прынясла малую дзяціну,

 

А я ёй прынясла малую дзяціну.

 

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала.

 

 

“Вось табе, мамка, за тваю навуку,

 

Вось табе, мамка, за тваю навуку:

 

Калыхала ты мяне – калышы і ўнука!

 

Калыхала ты мяне – калышы і ўнука!

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала.

 

Пасылала мяне маці ісці за кумамі,

 

Пасылала мяне маці ісці за кумамі,

 

А Тараска на пячы дрыгае нагамі,

 

А Тараска на пячы дрыгае нагамі.

 

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Выдзелывала, выгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала,

 

Проціў мілага стаяла, разгаварывала.

 

Заўвага: пазаабралавая лірыка – жартоўная песня.

 

59.           …

 

 

А мой мілы, мой харошы

 

Не дае палучкі,

 

А мой мілы, мой харошы

 

Не дае палучкі.

 

 

Выйшла-выйшла з сваёй хаты,

 

Стаю на парозе,

 

Бачу, маё п’яна гора

 

Ляжыць на дарозе,

 

Бачу, маё п’яна гора

 

Ляжыць на дарозе.

 

 

Пад’ехала міліцыя,

 

Каля яго стала,

 

Яна маё п’яна гора

 

З сабою забрала,

 

Яна маё п’яна гора

 

З сабою забрала.

 

 

Едзе-едзе мой міленькі,

 

Думае, што суткі,

 

Яны ж яму далі

 

Дваццаць адны суткі,

 

Яны ж яму далі

 

Дваццаць адны суткі.

 

 

Сядзі-сядзі, мой міленькі,

 

Сядзі, мой харошы,

 

Ты ўбачыш перадачу,

 

Як я твае грошы,

 

Ты ўбачыш перадачу,

 

Як я твае грошы.

 

 

Сядзі-сядзі, мой міленькі,

 

Пакуль я не прыйду,

 

Можа цябе чэрці схвацяць,

 

А я замуж выйду,

 

Можа цябе чэрці схвацяць,

 

А я замуж выйду.

 

Заўвага: пазаабрадавая лірыка – жартоўная песня.

 

 

За гэты час Валянціна Раманаўна мне некалькі разоў паўтарыла: “Як жылося, так і пелася!” І сапраўды: я толькі праслухала невялікую колькасць песень, а быццам бы пабыла там, у далёкім мінулым, і сама ўбачыла побыт і штодзённае жыццё нашага народа.

 

Ад такіх ветлівых, шчырых людзей я ехала вельмі уражаная гэтай сустрэчай і думала: што можа быць болей жывым, шчырым, чым гэтыя людзі і тая каштоўная спадчына, якую яны захоўваюць? 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.