10 жніўня.

 

Адпрацаваўшы неабходны час і пачуўшы ад майго дырэктара “прыемных вам выходных”, я паехала з сям’ёй у вёску Каменічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Хатку ў гэтай вёсцы мы купілі пяць гадоў таму, каб проста выязджаць адпачываць на прыроду. Там так прывольна, прасторна! Не так, як у дачных пасёлках, дзе хаты стаяць цесна, неяк месцяцца на маленькім кавалачку зямлі ды суседзі адзін аднаму ў вокны глядзяць.

 

Але ж я ніколі не думала, што мне давядзецца пазнаць Каменічы з зусім іншага боку: зазірнуць унутр, у самую душу гэтай вёскі праз народнае, а таму і самае шчырае слова.

 

Дарэчы, так атрымалася, што вёскі Стары Востраў і Каменічы знаходзяцца не вельмі далёка адна ад адной, таму, нягледзячы на тое, што адносяцца яны да розных раёнаў, вёскі знаходзяцца амаль у адной мясцовасці.

 

Мы прыехалі ўвечары, трошкі адпачылі, па традыцыі сабраліся за адным сталом нашай вялікай сям’ёй, а праз нейки час мы з мамай выправіліся да загадчыцы меснага клуба, Ліны Валянцінаўны, спадзеючыся, што яна адразу накіруе нас да тых людзей, якія мне дапамогуць, бо я не ведала, з каго і з чаго пачаць.

 

Ліна Валянцінаўна сядзела на ганку з нейкай жанчынай, калі мы пад’ехалі да клуба. Убачыўшы машыну, загадчыца адразу падскочыла і трошкі захвалявалася (як мне потым сказала мама, мабыць, падумала, што прыехала праверка).

 

-         Добры вечар! – сказала я.

 

Маці спытала:

 

-         Як нам можна знайсці Ліну Валянцінаўну?

 

-         Гэта я! – адказала яна нам радасна, але ўсё ж такі з ноткай хвалявання.

 

Я пачала тлумачыць, хто мы і якая дапамога нам патрэбна ад яе, як ад галоўнага культурнага дзеяча вёскі. Асабліва пачуўшы пра галоўнага культурнага дзеяча вёскі, яна была такая задаволеная, што я зразумела: я выбрала правільную тактыку, і зараз яна нам дапаможа настолькі, наколькі ў яе ёсць магчымасць гэта зрабіць.

 

 

І вось, што Ліна Валянцінаўна нам паведаміла.

 

Калісьці ў Каменічах стварылі народны калектыў з тых жанчын, якія памяталі сапраўдныя аўтэнтычныя народныя песні, і, канешне, з тых, хто проста любіў спяваць. З песнямі, якія з’явіліся менавіта ў гэтай мясцовасці і дайшлі да іх праз пакаленні, яны ездзілі па гарадах Беларусі і спявалі іх на розных канцэртах. Але ж потым калектыў чамусьці распусцілі. Загадчыца клуба сказала, што ні ў адной з суседніх вёсак мы нічога падобнага не знойдзем, таму параіла абавязкова схадзіць да дзвюх бабуляў, якія маглі прыгожа праспяваць якія-небудзь песні, і дала нам іх каардынаты.

 

-         Калі прыйдзеце да Валянціны Раманаўны, яна можа адразу пазваць і Валянціну Іванаўну, яны суседкі цераз дарогу. Гэтыя дзве сяброўкі вельмі добра спяюць вам на два галасы.

 

А потым успомніла і дадала:

 

-         Але ў Валянціны Раманаўны паўтара гады таму дачка памерла, і з таго часу яна яшчэ не спявала ні разу. Але, калі патрэбна, яна вам так прагаворыць тэксты. Хаця, хто ведае… Можа, калі вы да яе прыйдзеце, яна і пачне зноў спяваць?

 

Мы падзякавалі Ліне Валянцінаўне ды паехалі дадому.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.