27 жніўня 2009г., чацвер.

Сёння я збіралася да Іванец Яніны Аляксандраўны (1945г.н., беларуска,  няпоўная сярэдняя адукацыя, мясцовая), якая па словах Таісы Іосіфаўны спявала раней у клубе. Ісці я вырашыла з бабуляй, бо Яніна Аляксандраўна не вельмі мяне любіла, бо калісьці ў дзяцінстве я сарвала сліву з яе дрэва (ну а што было рабіць, калі яны звісалі каля самага плота?) Бабуля сказала, што яна жанчына неблагая, але прадала каня і сушыць чарвівыя грыбы))). Кантакт з Янінай Александраўнай адбыўся і яна пагадзілася мне праспяваць некалькі песен і прыпевак:

Не хадзіце дзеўкі замуж:

Замужам нявесела.

Адна дзеўка выйшла замуж,

Узяла і павесілась.

(62, “Не хадзіце дзеўкі замуж”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра замужжа)

 

Не хадзіце, дзеўкі замуж:

Замужам худая жызь,

Муж не пусця на гулянку,

Скажа спаць са мной лажысь.

(63, “Не хадзіце дзеўкі замуж”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра замужжа)

 

Гарманіст, гарманіст

Рубашка ў палачкі.

Праз цябе я гарманіст

Засталася ў мамачкі.

(64 “Гарманіст, гарманіст”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра каханне)

 

Не глядзіце на мяне,

Што я худаватая.

Мама сала не давала,

Я не вінаватая.

(65, “Не глядзіце на мяне”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра голад)

 

Мілыя радзіцелі,

Зачэм вы мяне жэніце?

Я жа з жонкай спаць не лягу,

Куды вы яе дзенеце?

(66, “Мілыя радзіцелі”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра замужжа)

 

Ой, дзеўкі, бяда:

За каго я выйшла?

Ні каровы, ні каня,

Адна чупрына пышная.

(67, “Ой, дзеўкі, бяда”.., пазаабрадавая лірыка, прыпеўка пра замужжа)

 

А ў лесе, гушчары

Калыхалісь камары,

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Калыхалісь камары.

Дуб да дуба прыхіліўся,

Камар з дуба зваліўся.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Камар з дуба зваліўся.

Вось пабіў камар калені

Аб дубовыя карэнні,

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Аб дубовыя карэнні.

Ой пабіў камар бакі

Аб дубовыя сукі.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Аб дубовыя сукі.

Ляціць муха ратаваць,

Дзіўнай водай абліваць.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Дзіўнай водай абліваць.

Камарочак, мой жа браце,

Як жа цябе ратаваці?

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Як жа цябе ратаваці?

Завязіце ў бальніцу

Вы мяне там палажыце.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

І мяне там палажыце.

А там добрыя дактары

Вынуць душу без пары.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Завязіце ў апцеку,

Можа будзе трохі лепей.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Можа будзе трохі лепей.

Камарочак, мой жа браце,

Дзе ж цябе пахаваці?

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Дзе ж цябе пахаваці?

Не хавайце пры даліне,

Бо гатовы вырыць свінні.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Бо гатовы вырыць свінні.

Пахавайце ў цёмным лесе

Пры зялёненькім арэхе.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Пры зялёненькім арэхе.

Будуць арэшкі шчыпаць,

Камарочка ўспамінаць.

Гэй-гэй у лесе, ў лесе

Камарочка ўспамінаць.

(68, “А ў лесе, гушчары”.., пазаабрадавая лірыка, песня пра камара)

 

Зялёная вішня

З-пад корня ня вышла.

Не аддай мяне, мама,

Дзе я не прывыкла.

Узыйду я на гору

Высокую гору,

Аплакаць нялёгкую

Маю долю.

Вячэру варыла,

Ні раз гаварыла:

Няма ў мяне, дочка,

Ні лыжкі, ні міскі.

Ты думаеш, мама,

Што я тут паную.

Прыдзі, падзівіся

Як я тут гарую.

Ты думаеш, мама,

Што я тут не плачу.

За горкай слязою

Я свету не бачу

Помні мяне, мама

Хоць раз у панядзелак

А я цябе, мама

Ідучы ад дзевак.

Помні мяне, мама,

Хоць раз у аўторак,

А я цябе, мама,

На дзень разоў сорак.

Помні мяне, мама,

Хоць раз у сераду,

Ая цябе, мама,

Ідучы па воду.

Помні мяне, мама,

Хоць раз у пятніцу

А я цячбе, мама,

Ідучы ў святліцу.

Помні мяне, мама,

Хоць раз у суботу,

А я цябе, мама,

Ідучы на работу.

Помні мяне, мама,

Хоць раз у нядзелю,

А я цябе, мама,

Ідучы ў пасцелю.

(69, “Зялёная вішня”.., пазаабрадавая лірыка, песня пра замужжа)

Яшчэ некалькі песен Яніна Аляксандраўна дала мне запісаных на паперы. Спяваць не захацела, сказала што “не выцягне”. І як я не спрабавала ўгаварыць – усё дарэмна. Вось гэтыя песні:

Пайшла цёшча к зяцю ў госці,

Ой сярдзіты быў той зяць,

Было ў яго многа злосці,

Ня ўмеў цёшчу шанаваць.

Маладуха зараз у слёзы,

Мужа лая і кляне,

А бадай яго халера,

Душа працай ён мяне.

Ты, Алёнка, ты дачушка,

Чорт бяры з работай той,

Аль бы толькі ты не спала,

Варушыся ды й не стой.

Ты, Алёнка, ты, дачушка,

Ён, Алёнка, не гультай,

А зяць зверы адчыняе,

Так, так матка, навучай.

Злаіў зяць цёшчу сярдзіта

Ды й у барану запрог,

Заблішчалі ў бабы пяты,

Толькі пыл пайшоў з-пад ног.

Баба барану цягала,

Можа прайшло гадзін пяць,

І ні разу не аддыхнуўшы,

Стаў зяць цёшчу выпрагаць.

Выпраг зяць цёшчу сярдзіта

Даў папругай па плячу.

За твае,матка, саветы

Заплаціць, матка, хачу.

Выпраг зяць цёшчу сярдзіта,

Баба коціцца кулём

Цераз поле, меж і жыта,

Валя к дзеду перуном.

Ты старік, ты старік,

Ідзі Алёнку ратаваць,

Толькі сам сцерагайся,

Бо там кат, а не зяць.

Старік стаіць, зубы сцяўшы,

Баба можа плётку сплесць,

А нарэшце кій узяўшы,

Во і к зяцю валя цесць.

Зяць у сенях празастаўся,

Уха к клямке прылажыў ён,

Ён жа слухаў-прыслухаўся,

Што цесць дочке гаварыў.

Ты, Алёнка ты, дачушка,

Як без працы можна жыць,

Выкінь чэбы дур з галоўкі,

Мужу трэба пагадзіць.

Ты, Алёнка, ты, дачушка,

Ён, Алёнка, не гультай,

Вот жывіце, дзеткі, з Богам,

Ты язык свой прытрымай.

Ой люблю я гэты рэчы,

З дзвярэй гукае зяць.

За твае, бацька, саветы,

Ты на покуць, бацька, сядзь.

Сядзіць бацька на покуці,

Жар ты, жонка, калбасу.

Пасядзі, старык, нямножка,

Я гарэлкі прынясу.

Затрашчалі ў печы дровы,

Заскрыпела скварада,

Пашлі чаркі з рук у рукі,

Гэта проста што бяда.

Ты, старык, ты, старык,

І нас не забывай,

Узваліў яму на плечы

Стопудовы каравай.

Ідзе старык сабе спявае,

Добра выпіў, закусіў,

Каравай ледзь утрымае,

Проста плечы аддушыў.

Баба гэта ўвідзіла,

Ручкі заламала я,

Я і барану цягала,

А дзед з караваем дамоў ідзе.

(70,“Пайшла цёшча к зяцю ў госці”, пазаабрадавая лірыка, песня пра замужжа)

 

Там у полі быстра рэчанька,

Там плавалі шэры гусачкі.

Яны плаваць – не наплаваліся,

А я молада – наплакалася.

А я молада наплакалася,

Што мой мілы горкі пьяніца

У карчмоўцы распіваецца,

Прыйдзе дамоў разбіваецца.

Яшчэ скажа разувай, раздзевай,

Дробны гузечкі рашпілевай,

Рашпіляю яму гузечкі,

Затрасуцца мае ручачкі.

А мне моладай ня хочацца,

Каля п`яніцы варочацца,

Гыля-гыля шыры гусі ў ваду,

А я молада ўпала ў бяду.

Мне вас трэба напаіць, накарміць,

Разам з п`яніцам у адным ложку

Легчы спаць.

(71, “Там у полі быстра рэчанька”, пазаабрадавая лірыка, песня пра п`янства)

  

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.