26 жніўня 2009г., серада.

Але што за дзіва! Не паспела я прачнуцца, а ў хаце ўжо сядзела незнаёмая жанчыла, якая размаўляла з маёй бабуляй пра народныя песні. Я зразумела, што бабуля ізноў кагосьці мне знайшла. Пазней я зразумела, што я сто разоў бачыла гэтую жанчыну, але ніколі з ёй не размаўляла. Яна ж памятала, як я расла, з кім сябравала з вясковых дзяцей. Карацей, гэта была мясцовая настаўніца на пенсіі, Каспяровіч Таіса Іосіфаўна(1946 г.н., беларуска, сярэдняя адукацыя, мясцовая). Яна сядзела на нашай кухні і нешта пісала, як аказалася - песні. Але спяваць наадрэз адмовілася. Але запісала некалькі песень:

Шукае мужык жонку

Шукае  ўсюды чыста.

Пайшла яна ўчора

Пайшла яна ўчора

Гуляці на ігрышча.

Шукае мужык жонку,

На лавачцы гаруе

У любага суседа,

У любага суседа

Тры ночанькі начуе.

Шукае мужык жонку

У полі, сенажаці,

Ён без яе не можа,

Ён без яе не можа

Вячэру згатаваці.

Шукае мужык жонку,

У зелені ці долу,

Болей не буду піці,

Болей не буду піці,

Толькі прыйдзі дадому.

(57, “Шукае мужык жонку”, пазаабрадавая лірыка, песня пра замужжа)

 

І туды гара,

І сюды гара.

А между тымі

Горамі крутымі

Кацілася зара.

Гэта не зара,

Дзяўчына мая.

Яе бровы чорныя

І ліцо румянае,

За вадою шла.

Дзяўчына мая,

Напаі каня.

З тэю, да з тэю

З тэю кранічанькі

З поўнага вядра.

Як буду твая,

Напаю каня.

З тэю, да з тэю

З тэю кранічанькі

З поўнага вядра.

Дзяўчына мая,

Садзісь на каня.

Сядзем мы, сядзем,

Сядзем і паедзем

Да майго двара.

І туды гара,

І сюды гара.

А между тымі

Горамі крутымі

Кацілася зара.

(58, “І туды гара”.., пазаабрадавая лірыка, песня пра каханне)

 

Ой у лузе крыніца, крыніца

Там халодна вадзіца, вадзіца.

Ой у лузе крыніца

Там халодна вадзіца.

Вецер дуба шастае

Хлопец дзеўку пытае, пытае.

Вецер дуба шастае,

Хлопец дзеўку пытае.

Ой, дзяўчына малада,

Скажы будзеш ты чыя, ты чыя.

Ой, дзяўчына малада,

Скажы будзеш ты чыя.

Не пытай буду чыя

Выйдзеш ты і выйду я, выйду я.

Не пытай буду чыя

Выйдзеш ты і выйду я.

Ой, дзяўчына малада,

А ці любішь ты мяне, ты мяне.

Ой, дзяўчына малада,

А ці любішь ты мяне.

Калі любіш не пытай,

А сватоў ты пасылай, пасылай.

Калі любіш не пытай,

А сватоў ты пасылай.

Ой у лузе крыніца, крыніца

Там халодна вадзіца, вадзіца.

Ой у лузе крыніца

Там халодна вадзіца.

(59, “Ой у лузе крыніца, крыніца”.., пазаабрадавая лірыка, песня пра каханне)

 

Ці я ў лесе не каліна расла,

Ці я ў лесе не чырвона была,

Узялі мяне паламалі

Ды ў пучочкі павязалі –

Така доля мая.

Ці я ў лузе не травіца расла,

Ці я ў лузе не зялёна была,

Узялі мяне пакасілі

Ды ў копы палажылі –

Така доля мая.

Ці я ў полі не пшанічка расла,

Ці я ў полі не высока была.

Узялі мяне ды й пажалі

І ў снапочкі павязалі –

Така доля мая.

Ці я ў мамы не дачушка расла

Ці я ў мамы не прыгожа была

Узялі мяне сасваталі,

За нялюбага аддалі –

Така доля мая.

Ці мне ў рэчцы ўтапіцца было,

Ці ў прыгожага ўлюбіцца было.

А ўсе рэчкі паўсыхалі,

А прыгожых разабралі –

Така доля мая.

(60,“Ці я ў лесе не каліна расла”.., пазаабрадавая лірыка, песня пра лёс)

 

Із-пад каменя

Із-пад белага

Цячэ рэчанька,

Цячэ быстрая.

Малады купец

Вёў каня паіць,

А раўнівы муж

Вёў жану тапіць.

А ў той рацэ

Дзева мылася,

Дзева мылася,

Вымывалася.

Яна плакала,

Шчэ й прасілася

Не тапі мяне

Рана звечара.

А тапі мяне

Цёмнай ночкаю

Людзі будуць спаць

Меней будуць знаць.

Із-пад каменя.

Із-пад каменя

Із-пад белага

Цячэ рэчанька,

Цячэ быстрая.

(61, “Із-пад каменя”.., пазаабрадавая лірыка, песня пра замужжа) 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.