12 жніўня

 

Мы зноў у Леанціны Станіславаўны. Падзякаваўшы ёй за тое, што яна ўспомніла гэтыя дзве легенды, мы пачалі размову. Слухаць Леанціну Станіславаўну адно задавальненне. Прыгожа і граматна пабудаваныя сказы, сюжэт. Усё гэта, на маю думку, у тапанімічных легендах Леанціны Станіславаўны прысутнічае.

 

73. Ёсць на Слонімшчыне вельмі цудоўны куточак…

 

Ёсць на Слонімшчыне вельмі цудоўны куточак – вёска Малая Кракотка. Вакол яе расце Сасновы лес. За агародамі ціха плыве невялічка рэчачка. У гэтым сасновым краі бытуе шмат былін, легендаў аб мінуўшчыне. За вёскай у накірунку мястэчка Ружаны ў глыбі лесу насыпаны высокі курган. Празваны ў гэтай мясцовасці Тарасаў груд. Хоць прайшло нямала гадоў, а легенда пра гэты курган жыве, перадаецца з пакалення ў пакаленне. На ўлонні маляўнічай лясной прыроды, раздолля і цішыні, добрыя мясцовыя людзі шануюць памяць былых гадоў. Калісьці даўно жыў у вёсцы Малая Кракотка прыгожы малады хлопец – Тарас. Быў ён з беднай сялянскай сям’і. Яшчэ падросткам наняўся пастухом авец у багатых гаспадароў. Сваімі заробкамі хоць чуць дапамагаў бацькам. Здарылася так, што Тарас закахаўся ў дачку аднаго багацея. Прыгожая, юная, вельмі сціплая дзяўчына любіла вельмі прыроду, часта хадзіла вясной і летам у лес, на рэчку, збірала кветкі. Звалі гэтую прыгажуню Хрысцінай. І трэба ж такому здарыцца: раз заблудзіла, стала крычаць, зваць на дапамогу. Тарас пачуў гэты зоў, паспяшаўся на дапамогу. Ён вывёў дзяўчыну з гушчару, прывёз яе да свайго пасбішча. На кастры пёк бульбу, пачаставаў Хрысціну. Разгаварыліся, расказалі ўсё пра сябе і дамовіліся ў гэтым месцы сустрэцца. Сустрэчы паўтараліся. Дзяўчына амаль кожны дзень прыходзіла сюды. Адразу, быццам маланка, успыхнула пачуццё замілавання, павагі ўзаемнай. Пакахалі яны адзін аднаго. Не думалі пра тое, што ён бедны пастух, яна багатая паненка. Тарас рэзаў з ракіт дубцы, плёў кошыкі, з бярозы – вецце для венікаў. Хрысціна, назбіраўшы кветак, пляла вяночкі. У такія хвіліны Тарас і Хрысціна былі самыя шчаслівыя. Узаемнае каханне запаланяла сэрцы маладых людзей. Але, як кажуць, шыла ў мяшку не схаваць. Скора пайшлі па вёсцы пагалоскі, што Хрысціна ходзіць да Тараса ў лес, што яны кахаюцца. Адна са служанак бацькоў Хрысціны расказала гэту навіну маці дзяўчыны. Маці стала дапытваць дачку. Тая і расказала, думала маці заступіцца за яе, умоліць бацьку дазволіць дачцэ высці замуж за Тараса. Але маці прышла ў ярасць, тут жа пазвала бацьку і ўсё расказала. Той як ашалеў. Паслаў сваіх служак, тыя збілі Тараса. Ён ледзь-ледзь жывы быў, поўз да рэчкі напіцца. Напіўся вады, думаў, думаў. Раптам пачуў, што скачуць коннікі. Ён, мабыць, разгубіўся, баяўся, што яны яго будуць мучыць. Тарас падпоўз зусім блізка да рэчкі і ўтапіўся. Бацюшка не дазволіў пахаваць Тараса на вясковых могілках. Сябры яго выкапалі дол у лесе, насыпалі высокі курган. З той пары курган назвалі Тарасаў груд.  І цяпер гэта ўгоддзе так і называецца. Дзе ягады збіралі ці грыбы? За Тарасавым грудам. Начлежнікі казалі, што ўвечары прыходзіць на курган маладая жанчына і доўга плача. Мабыць, гэта здань Хрысціны. Вяскоўцы да вайны бачылі, як сляпы жабрак з павадыром прыходзіў на Тарасаў груд, маліўся, расказаў свайму павадыру легенду пра Тараса. Жабрак многа дарог абышоў, многа сёл і нёс гэту легенду людзям. Вось так ў народзе бытуюць народныя паданні.

 

Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.

 

74. Ля вёскі Кракотка працякае невялічкая рэчачка…

 

Ля вёскі Кракотка працякае невялічкая рэчачка з цікавай назвай Іарданка. Цячэ ціха, спакойна між алешын, кустоў. А вада ў ёй чысцюткая, кажуць, што яна нават лекавая. Пачатак бярэ рэчка дзесьці ў пясчанай гары. Магчыма, яна і была крыніцай. Раней гэта рэчка інакш называлася. Канкрэтна ніхто не ведае тую назву. Толькі вось легенду пра назву Іарданка стражылы распавядаюць так. Яшчэ ў васямнаццатым стагоддзі ў сёлах часта былі карчмы. Гэта тыпу маленькага сучаснага кафэ. Звычайна гаспадарамі карчмы былі яўрэі. Яны прыязджалі ў вёску, куплялі хату старую, рамантавалі і вялі торг гарэлкай, мылам, соллю, керасінам. У Кракотцы абаснаваўся яўрэй Шэйна. Жонка дапамагала яму весці торг. Дзеці – сын Іор, дачка Дана-Данка – раслі на ўлонні прыроды. Старэйшы брат Шэйна пасяліўся бліжэй да Ружан. Ён на вытоках дзвюх рэк пабудаваў млын. Называўся гэты млын Велькім. Недалёка ў вёсцы адной быў Малы млын. Гаспадар памёр, млын распаўся. Ды вось яўрэй Шэйн пабудаваў Новы або Велькі млын. Жыхары навакольных вёсак прывозілі сюды малоць зерне. У мельніка яўрэя быў дарослы сын. Ён часта на лодцы па рэчцы (тады яна была паўнаводная і шырокая) для дзядзькі ў Кракоцкую карчму прывозіў правізію. Аднойчы дзеці кракоцкага Шэйна папрасіліся ў госці ў Велькі млын. Маці і бацька доўга не хацелі адпускаць іх, але пляменнік запэўніў, што ён іх і дамоў на лодцы даставіць. Ужо вечарэла, калі Іора і Данку вёз сын млынара ў Кракотку. Раптам пачало грымець, пайшоў моцны дождж, лодка перавярнулася, дзеці апынуліся ў вадзе. Паток вады пасля навальніцы быў бурны, страшны. Круціла-вярцела, як у пекле. Усе трое ўтанулі. Маці дзяцей карчмара чакала, чакала, гукала, гукала. Ды толькі жахлівае рэха разносілася па лесе. Яўрэй і людзей папрасіў на помач. Дарэмны былі пошукі. Маці ўсё звала: Іор, Данка! Іор, Данка! Назаўтра рыбакі вылавілі трупы дзяцей. Бедныя яўрэі прадалі карчму новым гаспадарам, а самі з’ехалі пасля гэтых жахлівых падзей. Мясцовыя жыхары пасля гэтых падзей сталі называць рэчку Іарданка. Праўда ці не? Легенды шмат чаго нам гавораць. Кажуць, на світанні зоры ўзор вышываюць у тумане, а ў гэтым узоры праглядваюцца дзве здані – хлопчык і дзяўчынка, а па лесе плыве рэха: “Іарданка, Іарданка, Іарданка…” А рэча ціха нясе свае воды ў рэчку Зяльвянку. Назва прыгожая, а легенда сумная, падзеі трагічныя. Мясціны ля рэчкі прыгожыя, усе любяць гэты забыты Богам куточак: ад птушынае песні ўгары да шышкі калючай на сцежцы, ад песні зязюлі на ўзлеску да пралесак у цёмным бары.

 

Заўвага: няказкавая проза – тапанімічная легенда.

 

Вось такімі прыгожымі легендамі і скончыўся мой апошні дзень фальклорнай практыкі. Падзякаваўшы яшчэ раз Леанціне Станіславаўне, я з пачуццём радасці паехала дадому.   

 

 

 

 

Ацэнка практыкі

 

 

Падводзячы вынікі сваёй фальклорнай практыкі, хочацца зрабіць яе кароткі агляд. Але перад гэтым трэба сказаць, што даючы сваёй практыцы характарыстыку, тыя вывады, якія я раблю, тычацца толькі маёй працы і маіх думак.

 

Адразу хочацца сказаць, што збіраць фальклорную прозу не такі лёгкі занятак, як можа здацца на першы погляд. На самой справе, згодна з маім вопытам, магу сказаць, што калі б мне можна было збіраць не прозу як асноўныя адзінкі, а песні, то было б значна прасцей і лягчэй. Здаецца, што інфармант сапраўды хутчэй можа адказаць на пастаўленае пытанне, чым успомніць песню. Згодна з той рэальнасцю, з якой я сутыкнулася, песні, прыпеўкі гатовы расказаць больш людзей, чым фальклорную прозу.  Разумеючы, што адзінкі іншых жанраў можна было падаваць як дадатковыя, я ўсё ж такі, паставіўшы задачу спачатку знайсці іняфармантаў, якія б дапамаглі мне ў зборы фальклорнай прозы, вырашыла спачатку шукаць “празаікаў”. Такая ўстаноўка зацягнула сам працэс збору фальклору.

 

У той жа час хачу адзначыць, што нягледзячы на некаторыя цяжкасці з пошукам фальклорнай прозы, асабіста для мяне збіраць адзінкі такога жанру было цікава. Такі інтарэс падтрымліваў у пошуках патрэбных інфармантаў.

 

Людзі, з якімі я пазнаёмілася ў працэсе збору фальклору, аказаліся вельмі ветлівымі, добрымі, гатовымі прыйсці на дапамогу. Я лічу, што ў гэтым і заключаецца адзін з плюсаў практыкі: мы знаёмімся з цікавымі людзьмі, арыгінальнымі асобамі. Вучымся падтрымліваць гаворку. Такая практыка дапаможа і ў паўсядзённым жыцці. Хаця, калі звяртацца непасрэдна да маёй асобы, то варта заўважыць, што мне самой вельмі цяжка разгаварыць інфарманта нават з дапаможнікам. Таму трэба перш за ўсё падзякаваць маёй маці, Яўдошынай Ларысе Іванаўне. Без яе дапамогі я, магчыма, не справілася б.

 

 Калі гаварыць пра іншыя бакі фальклорнай практыкі, то хочацца звярнуць увагу на патрабаванні яе афармлення. Я разумею, што праца павінна быць аформлена акуратна і зразумела. Але, шчыра кажучы, калі пачынаеш чытаць, што ад нас патрабуецца, то ў галаве – рой думак, пачынаеш хвалявацца, ці ўсё правільна аформлена. Такім чынам, афармленне працы займае шмат часу.

 

Што я вынесла з гэтай практыкі? Па-першае, гэта, як я ўжо казала раней, няхай і невялічкі, але ўсё ж такі вопыт стасункаў з малазнаёмымі людзьмі. Па-другое, я шмат чаго новага даведалася. Асабліва мяне ўразілі тапанімічныя легенды, запісаныя ад Жыткевіч Леанціны Станіславаўны (1932 г.н., беларуска, дзве вышэйшыя адукацыі, пераехала ў в. Кракотка Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. у 1957 годзе). Нарэшце, летам мне не прыйшлося ленавацца нешта рабіць.

 

Напрыканцы хочацца выказаць яшчэ раз падзяку ўсім маім інфармантам. Гэта: Дзікевіч Аграфіна Віктараўна (1930 г.н., беларуска, 7 класаў, пераехала ў в. Кракотка Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці з в. Ашмянцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў 2010 г.), Яўдошынай Любові Мікалаеўне (1944 г.н., беларуска, вышэйшая адукацыя) і Козел Марыі Пятроўне (1927 г.н., беларуска, 7 класаў) з вёскі Церабунь Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці, Жыткевіч Леанціне Станіславаўне з вёскі Кракотка (1932 г.н., беларуска, дзве вышэйшыя адукацыі, пераехала ў вёску Кракотка Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1957 годзе), ад якой я атрымала, на мой погляд, самыя цікавыя фальклорныя адзінкі. Без маіх субяседнікаў  мая фальклорная практыка не здзейснілася б. 

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору

Адрас электроннай пошты: folkndl@yandex.ru


Адрас: 220030, Рэспубліка Беларусь, г.Мінск,
вул. К.Маркса, дом 31, п.39.

 

Тэлефон: 365-39-45

(з рэгіёнаў Беларусі: 8-017-3653945, 
з замежжа: +375 17 3653945)

 

Прыём наведвальнікаў:

панядзелак, серада, чацвер
з 10.00 да 16.30

(перапынак 

з 13.00 да 14.00)

У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй прыём наведвальнікаў прыпынены.

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики.

Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.