Attachments:
Download this file (FalkPrakt.zip)Фальклорны прыктыкум[Поўны тэкст]7 kB

ФАЛЬКЛОРНЫ ПРАКТЫКУМ ЯК ФОРМА ПАДРЫХТОЎКІ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ ДА ВУЧЭБНАЙ ПРАКТЫКІ

 

Фальклорная практыка студэнтаў БДУ з 1994 года ажыццяўляецца выключна самастойна па месцы жыхарства з прадстаўленнем справаздачы аб выніках збіральніцкай дзейнасці. Планавыя палявыя экспедыцыі з таго часу здзяйснялі толькі супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта, на базе якой у красавіку 2005 года была створана вучэбна-навуковая лабараторыя. Вопыт працы выкладчыкаў-фалькларыстаў кафедры тэорыі літаратуры БДУ па падрыхтоўцы студэнтаў да самастойнай палявой практыкі на працягу больш 10 гадоў паказаў, што правядзення кансультацый студэнтаў з кіраўнікамі груп не заўсёды дастаткова. Год за годам прыблізна палова студэнтаў ад агульнай колькасці збіраўшых фальклорныя творы самастойна мелі значныя праблемы пры падрыхтоўцы выніковай справаздачы па практыцы і вымушаны былі ці згаджацца з невысокай адзнакай, ці крапатліва перарабляць яе. Спробы выкладчыкаў палепшыць сітуацыю рабіліся неаднаразова: на кафедры пакідалі так званую «ўзорную папку», у якой былі сабраны выдатна аформленыя матэрыялы практыкі; выдавалі кожнаму ў рукі праграму-апытальнік з правіламі афармлення; праводзілі дадатковыя кансультацыі, але сітуацыя выпраўлялася марудна і не заўсёды меўся чакаемы вынік.

***************************************************************

Пасля стварэння вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору рашэннем кафедры тэорыі літаратуры на пасяджэнне вучонага савета філалагічнага факультэта была вынесена прапанова аб вылучэнні супрацоўнікам лабараторыі беларускага фальклору дадатковых гадзін на ажыццяўленне падрыхтоўчага этапу практыкі. Тады ж ішла гаворка і аб аплаце супрацоўнікам лабараторыі працы са студэнтамі пад час самой практыкі ў лабараторыі. Рашэнне вучонага савета было прынята на карысць прадстаўленых кафедрай тэорыі літаратуры прапаноў, аднак з наступнымі папраўкамі: па-першае, дадатковых гадзін на падрыхтоўку да правядзення фальклорнай практыкі ў тыпавым вучэбным плане не прадугледжана, але іх можна вылучыць ад агульнай колькасці запланаваных гадзін кожнаму кіраўніку практыкі; па-другое, вылучыць пагадзінную аплату супрацоўнікам лабараторыі, якія будуць ажыццяўляць фальклорную практыку ў лабараторыі па папярэдняй дамоўленасці дэканата з вучэбна-метадычным аддзелам БДУ. Адпаведна, супрацоўнікі лабараторыі як кіраўнікі груп па фальклорнай практыцы атрымалі магчымасць па загадзе рэктара ажыццяўляць усе этапы арганізацыі і правядзення практыкі, у тым ліку выстаўляць адзнакі. Ажыццвіць усё гэта раней, калі існавала навукова-даследчая лабараторыя, было немагчыма з прычыны аднесенасці лабараторыі да навукова-даследчай часткі БДУ, а не да вучэбна-метадычнай, як цяпер.

Прайшоў яшчэ год, перш чым былі вырашаны тэхнічна-арганізацыйныя пытанні па ўкараненні рашэння вучонага савета філалагічнага факультэта. У выніку ў 2007 годзе была апрабіравана новая форма падрыхтоўчай работы да праходжання вучэбнай практыкі – фальклорны практыкум, што адразу знайшло сваё адлюстраванне ў новай вучэбнай праграме “Фальклорная практыка”, зацверджанай рэктарам БДУ восенню 2008 года.

Мэта правядзення практыкума – пазнаёміць кожнага студэнта з афармленнем выніковых справаздач па фальклорнай практыцы, з запісанымі фальклорнымі творамі, з сістэмай захоўвання фальклорных адзінак у архіўных фондах, складаннем рэестравых ведамасцей уліку матэрыялаў, увогуле – з працай рэгіянальнага, жанравага, аўдыёвідэаархіваў, а таксама архіва іншых народаў свету. Вылучаная колькасць гадзін на арганізацыю і правядзенне фальклорнага практыкума – 4.

База правядзення практыкума – вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Паколькі памяшканні лабараторыі адначасова з’яўляюцца сховішчам архіўных матэрыялаў, у адным пакоі можна прыняць на практыкум максімальна палову групы – 15 чалавек.

Падрыхтоўка практыкума мае сваю спецыфіку. Па-першае, правядзенне заняткаў па магчымасці набліжана да сярэдзіны (радзей – канца) семестра, каб у студэнтаў, з аднаго боку, была магчымасць вызначыцца з відам праходжання практыкі, з другога – атрыманыя на практыкуме веды можна было б дадаткова замацаваць, наведаўшы лабараторыю яшчэ раз па жаданні. Па-другое, старасты прадстаўляюць спісы груп і вызначаюць зручны час для праходжання практыкума пасля асноўных заняткаў. Паколькі групы падзяляюцца на падгрупы, то працягласць ажыццяўлення практыкума для супрацоўнікаў лабараторыі расцягваецца на месяц і болей. Па-трэцяе, на аснове згаданай інфармацыі супрацоўнікі лабараторыі складаюць графік наведвання практыкума на кожную падгрупу, які паведамляецца старастам. Старасты адказваюць за з’яўленне падгрупы на правядзенне заняткаў ў вызначаны час.

Асноўны метадычны прынцып, на якім заснавана правядзенне фальклорнага практыкума, – нагляднасць.

Правядзенне практыкума ажыццяўляецца супрацоўнікамі лабараторыі, якія добра валодаюць інфармацыяй па структуры архіваў і ведаюць спецыфіку працы ў кожным з іх. Аднак задача практыкума не зводзіцца толькі да знаёмства з архівамі, хаця гэтаму прысвечана значная частка часу. Звышзадача пры правядзенні практыкума – найперш запэўніць студэнтаў прыняць рашэнне на карысць самастойнай палявой практыкі, дапамагчы ім усвядоміць важнасць, неабходнасць і запатрабавальнасць менавіта збіральніцкай дзейнасці. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца наглядныя сродкі – праслухоўванне аўдыёзапісаў з аўтэнтычнымі спевамі беларусаў, прагляд фотаздымкаў і электронных відэазапісаў выканаўцаў, знаёмства з электронным рэестрам вопісу архіваў, у якіх пазначана графа “збіральнік” – гэта значыць, што прозвішча студэнта назаўсёды застанецца ў базе дадзеных збіральнікаў нацыянальнай фальклорнай спадчыны, а з часам, магчыма, трапіць у зборнікі з выдадзенымі матэрыяламі.

Другая задача, якую вырашаюць супрацоўнікі лабараторыі пры правядзенні фальклорнага практыкума пасля заахвочвання студэнтаў да збіральніцкай дзейнасці – патлумачыць неабходнасць афармлення кожнага складніка справаздачы, якія пазначаны ў метадычным дапаможніку “Фальклорная практыка: метадычныя рэкамендацыі і праграма-апытальнік” (тытульны ліст, змест па жанрах з указаннем колькасці адзінак кожнага жанру, дзённік назіранняў па днях практыкі з тэкстамі твораў, карткі з запісанымі фальклорнымі адзінкамі (пры адсутнасці электроннага варыянта), картка тапаграфічнага каталога, картка збіральніка і картка інфарманта, аўдыё- ці відэакасета з вопісам твораў і афармленнем вокладкі, дыскета (або дыск) з афармленнем справаздачы на камп’ютары, чарнавыя запісы (пры адсутнасці аўдыё- ці відэакасеты), рэестравая ведамасць уліку запісаных матэрыялаў). Паколькі ў гэты момант студэнты знаходзяцца ў рэгіянальным архіве, ім дэманструюцца папкі з матэрыяламі, узятымі з шафаў, у тым ліку вопісы да дыскаў, аўдыё - і відэакасет.

Дасягненне трэцяй задачы патрабуе знаёмства з жанравым архівам, у якім захоўваюцца выключна карткі з фальклорнымі адзінкамі. З аднаго боку, гэта тэхнічная патрэба (архіў знаходзіцца ў будынку філалагічнага факультэта, тады як астатнія матэрыялы знаходзяцца ў будынку насупраць), з другога – дадатковы аргумент на карысць разумення студэнтамі неабходнасці дэталёвага афармлення справаздачы, таму што яны наглядна бачаць, якім чынам захоўваюцца карткі ў архіве, як яны апрацоўваюцца, чаму важна дакладна вызначыць жанр, афармляць картку па мажлівасці на шчыльнай паперы і інш.

Чацвёртая задача практыкума – перасцерагчы студэнтаў ад магчымай спакусы спісання твораў з анталогій і нязграбнага афармлення справаздачы. Дзеля гэтага студэнтам дэманструюцца папкі з матэрыламі, якія былі адхілены кіраўнікамі практыкі па вышэйзгаданых прычынах, увачавідкі пазнаёміцца з магчымымі заўвагамі, а пасля гэтага супаставіць свае назіранні з афармленнем так званай «узорнай папкі».

Нарэшце, пятая задача правядзення практыкума накіравана на знаёмства студэнтаў з тымі відамі работы, якія практыкуюцца пад час летняй практыкі ў лабараторыі. Супрацоўнікі падкрэсліваюць важнасць усіх відаў дзейнасці, якія будуць прапанаваны студэнтам, дакладна характарызуюць этапнасць выканання работ, неабходнасць падрыхтоўкі дзённіка назіранняў па кожным дні практыкі. У выніку студэнты павінны зразумець, што палёгкі ў працы ў лабараторыі няма, нягледзячы на тое, што пры гэтым не трэба вырашаць праблему з пошукам інфармантаў і ўсталяванні з імі кантакту. Адпаведна, пры напісанні заявы на праходжанне практыкі студэнт будзе дасведчаны, якому віду практыкі аддаць перавагу.

Вопыт, хаця і невялікі, правядзення фальклорнага практыкуму паказаў, што гэтая форма падрыхтоўкі да вучэбнай практыкі студэнтаў-філолагаў мае сваю прадуктыўнасць, хаця і не здымае поўнасцю ўсіх складанасцей і пытанняў. Аднак калектыў супрацоўнікаў лабараторыі ўпэўнены: каб пераадолець шлях, па ім трэба ісці. Сумеснае рашэнне складных пытанняў разам з выкладчыкамі фальклору кафедры тэорыі літаратуры і пастаяннае ўдасканаленне метадычных падыходаў да арганізацыі і правядзення фальклорнага практыкуму – аснова эфектыўнасці дадзенай формы падрыхтоўкі да ажыццяўлення гэтага віду вучэбнай практыкі.

Таццяна Марозава, загадчык лабараторыі