Attachments:
Download this file (FormyIVidy.zip)Формы і віды работы[Поўны тэкст]8 kB

ПРАВЯДЗЕННЕ ФАЛЬКЛОРНАЙ ПРАКТЫКІ Ў ВУЧЭБНА-НАВУКОВАЙ ЛАБАРАТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ БДУ:  МЕТОДЫКА АРГАНІЗАЦЫІ, ФОРМЫ РАБОТЫ

 

Фальклорная практыка студэнтаў філалагічнага факультэта з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу пры падрыхтоўцы спецыялістаў-філолагаў. Тэрмін праходжання практыкі – 14 дзён (84 гадзіны). У адпаведнасці са Стандартам па фальклорнай практыцы на сённяшні дзень афіцыйна зацверджаны наступныя формы ажыццяўлення вучэбнай практыкі па фальклору:

1) выезд груп з навуковым кіраўніком у запланаванае месца экспедыцыі (на фінансавых умовах аплаты ўсіх выдаткаў вну);

2) пры адсутнасці фінансавання:

2.1. самастойнае праходжанне практыкі студэнтамі па месцы жыхарства з прадстаўленнем справаздачы аб выніках збіральніцкай дзейнасці;

2.2. праца ў архіўных фальклорных фондах пры кафедры, якая ажыццяўляе практыку ў вну;

2.3. праца па індывідуальных праграмах (замежныя студэнты).

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору з самага пачатку свайго існавання* прымае непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні фальклорнай практыкі на філалагічным факультэце БДУ. Супрацоўнікі ВНЛ падтрымліваюць цесныя сувязі з выкладчыкамі кафедры тэорыі літаратуры, якія забяспечваюць выкладанне фальклору на факультэце, у напрамку практычнага азнаямлення студэнтаў 1-х курсаў з працай у архівах лабараторыі, падрыхтоўкай да практыкі ў палявых умовах, методыкай афармлення справаздач па фальклорнай практыцы, распрацоўкі вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

**************************************************************

З’яўляючыся структурным падраздзяленнем кафедры тэорыі літаратуры, ВНЛ беларускага фальклору мае і агульнауніверсітэцкі статус: ў ёй могуць  праходзіць фальклорна-краязнаўчую практыку студэнты спецыяльнасці “культуралогія” факультэта міжнародных адносін БДУ. Гэта ўскладае на супрацоўнікаў лабараторыі дадатковыя задачы па забеспячэнні вучэбнага працэсу для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей, нягледзячы на тое, што кіраўніцтва студэнцкімі групамі ў гэтым выпадку ажыццяўляюць выкладчыкі факультэта МА.

На сённяшні дзень у лабараторыі беларускага фальклору сфарміраваны 5 архіваў:

1) рэгіянальны архіў – змяшчае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы з усіх абласцей Беларусі. Тут вядзецца работа па сістэматызацыі і інвентарызацыі фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, стварэнні тапаграфічнага каталога праведзеных экспедыцый, каталога інфарматараў і выканаўцаў фальклорных твораў;

2) жанравы архіў – змяшчае тэксты фальклорных твораў пэўных відаў і жанраў. Тут вядзецца работа па навуковай унутрыжанравай класіфікацыі фальклорных адзінак, адрозніваюцца варыянты і інварыянты твораў, распачата работа па стварэнню камп’ютарнай базы дадзеных архіва;

3) аўдыё- і 4) відэаархівы – змяшчаюць фона- і відэаматэрыялы (бабіны і CD-дыскі, відэакасеты і DVD-дыскі). Тут распачата работа па перазапісу бабінных фонаматэрыялаў і відэаматэрыялаў на сучасныя носьбіты інфармацыі;

5) фальклорны архіў іншых народаў свету – змяшчае фальклорна-этнаграфічныя запісы амаль з усіх рэспублік былога СССР і Усходняй Еўропы, а таксама з Кітая, Карэі, Індыі, Ірана. Тут вядзецца работа па сістэматызацыі і класіфікацыі матэрыялаў.

Значную дапамогу ў апрацоўцы першых трох архіваў аказваюць студэнты 1-га курса філалагічнага факультэта, якія загадам рэктара БДУ накіроўваюцца на праходжанне вучэбнай практыкі ў ВНЛ беларускага фальклору. Лабараторыя можа прыняць на практыку да 55 студэнтаў. Гэта абумоўлена двума прычынамі: 1) невялікім штатам супрацоўнікаў лабараторыі (загадчык, 2 метадысты, лабарант, малодшы навуковы супрацоўнік), якія могуць весці работу са студэнтамі; 2) наяўнасцю працоўных месцаў у памяшканнях лабараторыі. З гэтых 55 чалавек 20 размяркоўваюцца ў камп’ютарныя класы факультэта для ажыццяўлення адпаведных работ, астатнія 35 чалавек працуюць непасрэдна ў архівах лабараторыі.

Арганізацыя практыкі ў ВНЛ беларускага фальклору патрабуе правядзення сур’ёзнага падрыхтоўчага этапу, звязанага з устанаўленнем аб’ёму работ. Дзеля гэтага суміруецца інфармацыя аб стане спраў у кожным з архіваў лабараторыі*. Пасля неабходна зрабіць гэты “аб’ём” даступным для ўспрымання студэнтаў, а менавіта:

1) у рэгіянальным архіве супрацоўнікі лабараторыі праглядаюць кожную папку з фальклорна-этнаграфічнымі матэрыяламі з мэтай іх сістэматызацыі, выяўлення фальсіфікаваных твораў, стварэння (калі маецца патрэба) тапаграфічнага каталога, каталога збіральнікаў і каталога выканаўцаў, спісання чарнавых запісаў. Толькі пасля гэтага можна прапаноўваць студэнтам такую форму работы ў рэгіянальным архіве, як складанне рэестравых ведамасцей пэўнай вобласці. Гэтая форма работы досыць працаёмкая: студэнт поўнасцю праглядае матэрыялы кожнага сшытка ў папцы, сістэматызуючы матэрыялы па відах і жанрах, вызначаючы жанры, калі яны не вызначаны (часта з дапамогай кіраўніка). Пасля складае рэестравую ведамасць па наступных пунктах: нумар папкі, год экспедыцыі, населены пункт, віды і жанры фальклору, інфармант, збіральнік. Пры гэтым ажыццяўляецца падлік колькасці адзінак па кожным жанры і агульная колькасць фальклорных твораў, запісаных у пэўнай вёсцы. Пошук інфармацыі пра вёску, збіральніка і год запісу, а таксама фарміраванне папак па гадах экспедыцый і ўстанаўленне парадкавага нумару папкі – задача супрацоўніка лабараторыі напярэдадні практыкі.

2) у жанравым архіве прафесійнай апрацоўкі патрабуе прагляд матэрыялаў пэўнага віду і жанру з боку выпрацоўкі крытэрыяў іх унутрыжанравай класіфікацыі. Дзеля гэтага ўвесь масіў тэкстаў, напрыклад, валачобных песень, правяраецца на наяўнасць правільнага вызначэння жанру. Толькі пасля гэтага магчыма прапаноўваць студэнтам такую форму работы, як разбор картак, напрыклад, па тэматычным прынцыпе, функцыянальным і г.д. Папярэдні вопыт працы са студэнтамі ў жанравым архіве паказаў, што спроба самастойнай навуковай апрацоўкі фальклорных адзінак блытае і без таго да канца не ўпарадкаванае размеркаванне картак у шафах. Самастойна студэнты могуць ажыццяўляць тэхнічныя формы работы: размяркоўваць карткі пэўнага жанру па адпаведных скрынях у шафах, праводзіць адбор варыянтаў аднаго і таго ж твора, весці ўлік рэгіянальнага распаўсюджання варыянтаў аднаго твора.

3) у сілу спецыфікі ў аўдыёархіве магчыма працаваць толькі з выбранымі студэнтамі, якія валодаюць сучаснымі электроннымі сродкамі апрацоўкі стужкавых бабін і касет, а таксама камп’ютарнай тэхнікай (сканерам, спецыяльнымі праграмамі). Дзеля ажыццяўлення працы з бабінным стужкавым архівам, які налічвае каля 680 бабін рознага памеру, са згоды кіраўніцтва факультэта мы прыцягваем спецыяліста з лабараторыі ТСН, які на ўмовах пагадзіннай аплаты кіруе групай падчас фальклорнай практыкі. Формы работы ў бабінным фонаархіве наступныя: праслухоўванне бабінных запісаў, спісанне матэрыялаў дрэннаякаснага гучання, алічбоўка бабінных запісаў, сканіраванне пашпартоў бабін і іх сістэматызацыя ў праграме “Эксэль”.

Як адзначалася вышэй, студэнты падчас фальклорнай практыкі ў лабараторыі таксама працуюць у камп’ютарных класах. З аднаго боку, гэта вымушаная мера (з порычыны немагчымасці размеркаваць усіх у архіўных памяшканнях), з другога – своеасаблівае рашэнне праблемы камп’ютарызацыі архіўных фондаў лабараторыі, увядзенне іх у глабальную сетку Інтэрнэт, магчымасць стаць мабільнымі і г.д. Тут для студэнтаў існуе адзіна магчымая форма работытэхнічны набор неабходнай інфармацыі: напрыклад, інвентарызацыйных ведамасцей паступлення матэрыялаў у лабараторыю; нефарматных картак з фальклорнымі адзінкамі для шафаў жанравага архіва ў праграме “Ворд”; рэестравых ведамасцей фальклорных матэрыялаў рэгіянальнага архіва ў прагараме “Эксэль”; састарэлых матэрыялаў для рэгіянальнага архіва. Дзеля арганізацыі работы ў камп’ютарным класе супрацоўнікі лабараторыі ажыццяўляюць прагляд архіўных фондаў, выяўляюць матэрыялы, якія патрабуюць хуткага перанясення ў камп’ютарны варыянт.

Разумеючы ўсю важнасць працы ў архівах ВНЛ беларускага фальклору, супрацоўнікі ажыццяўляюць кантроль якасці над вынікамі дзейнасці студэнтаў. Названыя вышэй формы работы са студэнтамі былі выпрацаваны ўсяго за 2 гады існавання новастворанай лабараторыі. Зразумела, што гэта не адзіныя формы, якія могуць быць выкарыстаны ў апрацоўцы архіўных фондаў ВНЛ беларускага фальклору: пасля заканчэння пэўнага аб’ёму работ будуць выпрацаваны і новыя формы, якія дазволяць студэнтам на практыцы прыкласці свае веды па фальклору, а супрацоўнікам лабараторыі зрабіць архівы больш зручнымі для выкарыстання.

Таццяна Марозава, загадчык лабараторыі

 

 



*З’яўленне вучэбна-навуковай лабараторыі ў красавіку 2005 года стала вынікам рэарганізацыі навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору, заснаванай 1 студзеня 1981 года пры кафедры беларускай літаратуры. Змяненне назвы было звязана са змяненнем статусу лабараторыі: яна была пераведзена на боджэтнае фінансаванне.

*Супрацоўнікі лабараторыі на працягу года працуюць у архівах і дакладна ведаюць, якія формы работ з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі падчас студэнцкай практыкі.

/emall